Жыццё ў калгасах: якім яно было?

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя звыш 80% насельніцтва СССР жыло ў сельскай мясцовасці, а з улікам малых гарадоў – да 90%.

Практычна ўсе яны ў сталінскі час былі ператвораны ў нешта сярэдняе паміж селянінам і бяспраўным падняволеным, які выконваў бясконцую колькасць эканамічных, працоўных і іншых павіннасцяў. Рабаваць вёску перасталі толькі ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя, а пашпарты калгаснікі атрымалі канчаткова толькі ў канцы 70-х гадоў XX стагоддзя.

У канцы 90-х — пачатку 2000-х гадоў у Расіі невялікімі тыражамі было выдадзена некалькі манаграфій і зборнікаў дакументаў пра рэальнае жыццё сталінскай вёскі. Адным з такіх выданняў была работа Расійскай акадэміі навук “Павіннасці расійскага сялянства ў 1930-1960-я гады” М.А. Берзіна, Т.М. Дзімоні і Л.В. Ізюмавай. На думку аўтараў, савецкае сялянства фактычна жыло ва ўмовах дзяржаўнага феадалізму, аддаючы аброк-дзяржпастаўкі (адменены толькі ў 1958 годзе), адрабляючы баршчыну (адрэгуляваны мінімум адпрацовак), якая знікла толькі ў канцы 60-х гадоў, і выплочваючы грашовыя падаткі.

Як пішуць вучоныя, створаная ў 30-я гады мінулага стагоддзя сістэма звышэксплуатацыі сялянства ўмоўна дзялілася на тры часткі: аброчная, натуральна-прадуктовая і грашовая павіннасці.

Што тычыцца адпрацовак, дык кожны савецкі селянін павінен быў адпрацаваць пэўны мінімум “працадзён” як у калгасе, так і на грамадскіх работах. У працоўную павіннасць таксама ўключаліся абавязкі па конным транспарце, будаўнічых адпрацоўках, рабоце на лесапавале, рамонце дарог і гэтак далей. У 1939 годзе пастановай ЦК ВКП(б) і СНК СССР было вызначана, што абавязковы мінімум працадзён для жанчын ва ўзросце ад 16 да 55 і мужчын ад 16 да 60 гадоў у калгасе складае 60-100 на год.

У 40-50-х гадах мінімум быў павялічаны і складаў да моманту смерці Сталіна 150 працадзён у год для жанчын і 200 — для мужчын. Канчаткова такая сістэма прымусовых адпрацовак знікла толькі ў 1969 годзе, калі калгаснікам была гарантавана заработная плата не радзей чым 1 раз на месяц. Факты прымусовых адпрацовак на грамадскіх работах могуць прывесці людзі старэйшага пакалення, якім сёння далёка за 80 і якія або самі адпрацоўвалі, або былі сведкамі таго, як гэта рабілі бацькі і дзяды. Такім сведкам з’яўляецца Любоў Іванаўна Белавус з вёскі Буйкі, якая ўспамінае, як дзеда і маці з канём і возам прымушалі працаваць на будаўніцтве аэрадрома ў Дварцы. Было гэта паміж 1939 і 1941 гадамі.

Калгаснікам на працадні выдавалася некаторая кампенсацыя, аднак яе памер быў невялікі, а часцей за ўсё яны зусім не аплачваліся. Напрыклад, з аплаты працадзён калгаснікаў, якія працавалі возчыкамі на лесанарыхтоўках, да 50% забіраў калгас. Зімой 1940-1941 гадоў на лесанарыхтоўках працавала каля 1 мільёна савецкіх сялян.

Шэраг адпрацовак быў бясплатным. Так, у сталінскія часы кожны калгаснік з 30-х гадоў павінен быў адпрацаваць 6 дзён на год на будаўніцтве і рамонце мясцовых дарог (аднаасобнікі – 12 дзён). Гэта павіннасць была адменена  толькі ў 1958 годзе.

Таксама ў 1932-1933 гадах савецкія калгаснікі атрымалі “абавязацельствы” на дзяржаўныя пастаўкі. Як правіла, гэта быў пералік відаў сельскагаспадарчай прадукцыі, якія вырабляў калгас і асабістыя падворкі сялян. З 1934 года  памер паставак з двароў сялян-аднаасобнікаў і калгасаў быў ураўняны, а з 1940 года ў краіне быў уведзены пагектарны прынцып адлічэння абавязковых паставак з калгасаў, які потым распаўсюдзіўся на прысядзібныя ўчасткі сялян.

Узровень паставак па працягу некалькіх дзесяцігоддзяў нязменна павышаўся. Калі ў 1940 годзе калгасны двор быў абавязаны здаць на працягу года 32-45 кілаграмаў мяса (аднаасобнікі – ад 62 да 90 кілаграмаў), то ў 1948 годзе ўжо 40-60 кілаграмаў. Абавязковыя пастаўкі малака выраслі ў сярэднім са 180-200 літраў да 280-300 літраў у год. У 1948 годзе калгасны двор таксама быў абавязаны здаваць штогод ад 30 да 150 курыных яек. Дзяржпастаўкі таксама рэгламентавалі колькасць шэрсці, бульбы, агародніны і іншых прадуктаў з кожнага калгаснага прысядзібнага ўчастка.

Пры гэтым ад выплаты абавязковых паставак па мясе і яйках не вызваляліся і двары, якія не мелі мясных жывёл (аж да 1954 года) або курэй. Іх можна было замяніць грашовымі выплатамі або іншымі прадуктамі. Толькі пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе дзяржава знізіла аб’ёмы такіх паставак, у сувязі з чым савецкае сялянства нават склала прыказку: “Прыйшоў Малянкоў – наеліся блінкоў”. Канчаткова “аброк” з савецкіх сялян быў зняты ў 1958 годзе.

Не абмінула сялянскую долю і грашовая павіннасць. Яна дзялілася на дзяржаўныя і мясцовыя падаткі, “добраахвотна-прымусовыя” зборы і пазыкі. Самым першым у СССР быў падатак, уведзены яшчэ ў 1923 годзе. Гэтым падаткам абкладаліся ўсе магчымыя даходы сялянскай сям’і ў любой сферы дзейнасці. У 1933-1938 гадах кожная гаспадарка плаціла ў сярэднім 15-30 рублёў штогод. У 1939 годзе была ўведзена шкала выплат, якая дазволіла пастаянна павялічваць падатак. Памеры падатка складалі 7-11%. Але гэтыя адносна невялікія на сучасны погляд стаўкі не павінны ўводзіць у зман: падаткаабкладаемая база разлічвалася па прыдуманай дзяржавай “даходнасці”.

На пачатку вайны ў 1941 годзе для сялян была ўведзена дадатковая надбаўка да гэтага падатка ў памеры 100% ад яго аб’ёму (заменена ваенным падаткам у 1942 годзе, які складаў ад 150 да 600 рублёў у год з члена гаспадаркі). Сутнасць гэтага падатка заключалася ў тым, што дзяржава ўстанавіла памер атрыманага з падворка аб’ёму  сельскагаспадарчай прадукцыі і так званыя разліковыя нормы яе даходнасці. Па сутнасці, гэта быў інструмент адкрытага рабавання сялян з боку дзяржавы.

Да прыкладу, бальшавікі лічылі ў 1940 годзе, што гадавая даходнасць каровы 600 рублёў. Акрамя таго, селянін з яе быў абавязаны заплаціць натуральны аброк (абавязковыя дзяржпастаўкі ў выглядзе малака і мяса), а таксама дзяржзакупкі па мясе і малаку па спецыяльна заніжаных цэнах, а яшчэ ён павінен быў выплаціць да 50-60 рублёў грашыма за тую ж карову. Рэальнае становішча сялянскіх гаспадарак фінансавыя органы не цікавіла.

У 1942-1943 гадах нормы даходнасці былі павялічаны ў 3-4 разы, адпаведна вырас аб’ём абавязковага сельгаспадатка. Затым гэты падатак (дакладней, нормы даходнасці) узрасталі чатыры разы ў 1947-1948 гадах. Наступнае павелічэнне прыйшлося на 1950 год. А ў 1952 годзе падаткам былі абкладзены нават кураняты, нованароджаныя парасяты, цяляты і ягняты. Акрамя таго, сельгаспадатак калгаснікі абавязаны былі плаціць і з прадуктаў (агародніна, бульба), якія ім выплачваліся ў калгасе за працадні і з якіх калгас браў падатак. Атрымлівалася двайное падаткаабкладанне для кожнага аграрыя.

Калі ў 1940 годзе разліковая норма даходнасці каровы складала 600 рублёў, то ў 1948 годзе – 3500 рублёў, свінні – 300 і 1500 рублёў адпаведна. Многія савецкія сяляне вымушаны былі пераходзіць на ўтрыманне так званых “сталінскіх кароў” – коз, якія ў падатковым плане абыходзіліся танней.

У фондах музея знаходзіцца вельмі каштоўны дакумент, які належаў селяніну вёскі Белякі Антону Паўлавічу Ляпешку і датуецца 5 лістапада 1944 года. Гэта плацежнае пасведчанне, у якім прапісана, што вышэйназваны селянін павінен выплаціць сельгаспадатак у памеры 89 рублёў да 15.11.1944 года (першая выплата), і падатак у памеры 89 рублёў да 15.12.1944 года (другая выплата). Гэта праз некалькі месяцаў пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Варта яшчэ адзначыць, што льготы па сельгаспадатку, якія мелі інваліды, ветэраны вайны, недзеяздольныя сяляне і шэраг іншых катэгорый грамадзян, у другой палове 40-х гадоў у большасці былі ліквідаваны. Калі ў 1947 годзе сярэдні двор плаціў за год да 370 рублёў сельгаспадатку, то ў 1951 ужо 519 рублёў. У выніку такой палітыкі пастаянна расла колькасць даўжнікоў. Іх даўгі былі скасаваны толькі ў 1953-1954 гадах. Пасля смерці Сталіна памеры сельгаспадатку былі значна паменшаны, а да 1965 года яны ў сярэднім складалі толькі каля трэцяй часткі ад узроўню 1951 года.

Акрамя гэтага падатку, савецкія сяляне былі абавязаны купляць аблігацыі дзяржаўных займаў (яны выпускаліся ў 1927-1958 гадах, СССР іх не заплаціў, зрабіўшы дэфолт па сваіх абавязках перад народам. Многія памятаюць, як потым дзецьмі гулямі з такімі аблігацыямі). І яшчэ адно: кожная калгасная сям’я павінна была заплаціць “добраахвотныя зборы” – так званае самааблажэнне. Былі ў тагачасным СССР і падаткі на лоўлю рыбы, на бабылёў і маладзетных, падаткі на сабак, на транспартныя сродкі, нават на веласіпеды.

Асабістыя падворкі сялян, якія пастаянна падвяргаліся падразанню, былі самым эфектыўным пастаўшчыком прадуктаў у СССР. Нягледзячы на сціплую долю ў агульным фондзе сельскагаспадарчых земляў (не больш за 5-7%), яны давалі па абавязковых дзяржаўных пастаўках у 1940 годзе да 30%  усёй бульбы ў краіне, па мясе жывёлы і птушкі – 25%, яйках – 100%, малаку – 26%, шэрсці – 22%.

Напрыканцы трэба сказаць, што за адмову ад выканання павіннасцяў дзяржаве сялян чакалі як штрафы, так і высылка. А сельскія школы, у якіх вучылася большасць тагачаснага насельніцтва СССР, былі абавязаны ўтрымліваць самі калгаснікі і за свой кошт плаціць забеспячэнне  настаўнікам, а таксама аплачваць падручнікі і іншыя матэрыялы. Гэта ж датычылася дзіцячых садкоў, калі яны былі ў калгасе, бальніц і іншых устаноў сацыяльнай сферы.

Алена АБРАМЧЫК,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Теги: