26 сакавіка ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу лідараў “Супер Тройка”, прымеркаваны да 75-годдзя заснавання Гродзенскай вобласці.
Мерапрыемства ладзілася з ініцыятывы раённага савета ГА “БРПА” і аддзела адукацыі райвыканкама. Удзел у ім прынялі педагогі-арганізатары, піянеры-лідары, акцябраты з 12 установаў адукацыі раёна.
Некаторыя конкурсныя заданні для моладзевых лідараў былі завочнымі, і матэрыялы для іх рыхтаваліся загадзя. Гэта партфоліа ўдзельнікаў: “Інтэрнэт-кейс важатага”, “Партфель лідара”, “Рукзачок акцябронка”, а таксама відэаролікі-прэзентацыі “Наш шлях да поспеху” і электронныя варыянты піянерскіх праектаў. Непасрэдна ў час сустрэчы тройкі лідараў піянерскіх дружын (педагог-арганізатар, піянер, акцябронак) паўдзельнічалі ў двух іспытах: мазгавым штурме “Здагадацца за 60 секунд” і творчым выступленні “Разам мы – сіла”.
Удзельнікаў свята павітала ветэран моладзевага руху Яўгенія Савань. Яўгенія Рыгораўна нагадала навучэнцам, што піянер – гэта той, хто ідзе ў авангардзе добрых спраў, цікавых ідэй, новых адкрыццяў, а таму піянерам трэба раўняцца на лідараў, і яны ёсць на Дзятлаўшчыне. Напрыклад, Аляксандр Радзецкі, які стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Прывітанне, свет” і прадставіць наш раён на гала-канцэрце ў сталіцы, або Ягор Сокал, адзначаны дыпломам за першае месца ў нацыянальным этапе Міжнароднага Стакгольмскага воднага конкурсу, які прадставіць Беларусь у Швецыі. На працягу 75 мірных гадоў, якія існуе Гродзенская вобласць, мы маем магчымасць рабіць дабро, змагацца са злом у любых яго праяўленнях, жыць, дапамагаць адзін аднаму, самарэалізоўвацца. А падобныя сустрэчы дапамагаюць паказаць свае дасягненні, пераняць дастойны вопыт у іншых.
Пасля невялікага танцавальнага нумара, які даў старт мерапрыемству, метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, старшыня раённага піянерскага штаба Ірына Мішчанка запрасіла лідар-тройкі і членаў журы на першы іспыт – “Здагадацца за 60 секунд”. Ён праходзіў па ўзроставых катэгорыях і ўключаў тры пытанні аб гісторыі моладзевага руху. Заданні выконваліся на картках, якія ўдзельнікі здавалі роўна праз хвіліну, што давалася на праходжанне іспыту.
Наступным этапам сустрэчы стаў творчы конкурс лідар-троек “Разам мы – сіла”. Варта зазначыць, што падтрымаць канкурсантаў на сцэне маглі групы да 10 чалавек. Выступленні атрымаліся яркімі і рознапланавымі. Гучалі вершы, песні, арганізоўваліся флэш-мобы, гульні з залай, трансліраваліся відэаролікі, нават быў наладжаны паказ фокусаў. Журы налічвала балы камандам за актуальнасць, навізну, арыгінальнасць ідэй, музычнае і мастацкае афармленне, навыкі работы ў камандзе, работу з гледачамі. Прысутным у зале не давялося пасядзець спакойна: яны не толькі падтрымлівалі сваіх сяброў, але і спявалі, танцавалі разам з імі, з захапленнем удзельнічалі ў прапанаваных гульнях.
Напрыканцы сустрэчы Ірына Мішчанка падзякавала камандам і групам падтрымкі за актыўнасць і творчы падыход, паабяцала, што ўсе іспыты ў хуткім часе будуць ацэнены, а ўстановы адукацыі, каманды якіх былі ўдзельнікамі, атрымаюць інфармацыю аб выніках раённага этапу рэспубліканскага конкурсу лідараў “Супер Тройка”.
Ірына КАЎКЕЛЬ