Равеснікі Гродзеншчыны

Важнае Грамадства Свежыя навіны

20 верасня 2019 года будзе адзначацца 75-годдзе ўтварэння Гродзенскай вобласці. Свой 75-гадовы юбілей у гэтым годзе адзначаюць шэраг прадпрыемстваў і арганізацый нашага рэгіёна.

У лютым 1944 года быў арганізаваны Гродзенскі абласны камітэт Таварыства Чырвонага Крыжа, была ўведзена ў эксплуатацыю Гродзенская абласная друкарня, адкрыта 2-я гарадская бальніца ў горадзе Гродне, быў заснаваны Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, а таксама арганізаваны Гродзенскі абласны дом народнай творчасці.

У ліпені 1944 года горад Гродна быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтым жа месяцы былі створаны адкрытае акцыянернае таварыства “Гандлёва-вытворчая фірма “Ліда”, Гродзенскае абласное ўпраўленне сувязі і Гродзенскае аблспажыўтаварыства.

Час не стаяў на месцы, і ўжо ў жніўні таго ж года пачалі сваю работу Гродзенскае абласное ўпраўленне дзяржаўных працоўных ашчадных кас і дзяржаўнага крэдыту, арцель “Чырвоная Зорка” і статыстычнае ўпраўленне Гродзенскай вобласці.

Верасень 1944 года таксама не стаў выключэннем. У ім былі ўтвораны Гродзенскі філіял Беларускага дзяржаўнага праектнага інстытута “Белдзяржпраект”, Гродзенскі абласны суд, створана Гродзенская абласная калегія адвакатаў, дарожны аддзел Гродзенскага аблвыканкама, сістэма аховы здароўя Гродзенскай вобласці, а галоўнае, была ўтворана Гродзенская вобласць.

У кастрычніку 44-га пачало працаваць Гродзенскае абласное аптэчнае ўпраўленне, Гродзенскі абласны сухотны дыспансер, пачаў сваю дзейнасць Гродзенскі абласны будаўнічы трэст №10, Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці, упраўленне ўнутраных спраў Гродзенскай вобласці і ўпраўленне камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гродзенскай вобласці.

У лістападзе 1944 года пачаў сваю працу Гродзенскі абласны інстытут удасканалення настаўнікаў.

Не стаў выключэннем і снежань. У Навагрудку была адкрыта школа для глуханямых, пачала дзейнічаць Гродзенская няпоўная сярэдняя школа для сляпых дзяцей, створана ўпраўленне дзяржаўнага страхавання па Гродзенскай вобласці, гарадскі аддзел распаўсюджвання друку “Саюздрук” і Гродзенскі абласны камітэт радыёфікацыі і радыёвяшчання.

Многія арганізацыі і прадпрыемствы з цягам часу былі перайменаваны, але да нашых дзён яны працуюць і прыносяць карысць малой радзіме.

Таццяна ГРЫЦУК



Теги: