Старт святочным мерапрыемствам да 8 Сакавіка на Дзятлаўшчыне далі мудрыя людзі – наведвальнікі клуба “Нам гады не бяда” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
Цікавую, багатую на вясёлыя конкурсы праграму ім дапамаглі падрыхтаваць работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. Удзел у сустрэчы таксама прынялі прадстаўнікі раённага савета ветэранаў. Безумоўна, не абышлося без музычнага суправаджэння, якое забяспечыў Васіль Шпігановіч.
Загадчыца аддзялення і кіраўнік клуба “Нам гады не бяда” Галіна Касцюк павіншавала жанчын з надыходам вясны і 8 Сакавіка, пажадала моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, гармоніі ў душах, а таксама – заўжды быць музамі-натхняльніцамі для моцнай паловы чалавецтва, любімымі матулямі і бабулямі – для дзяцей і ўнукаў.
Конкурсную праграму пачаў музычны іспыт. Прысутныя называлі словы і ўспаміналі песні, дзе яны сустракаюцца. Затым выпрабаванні чакалі прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. Ім давялося выступіць у ролі гаспадароў салонаў прыгажосці і зрабіць манікюры, праўда, трэніраваліся мужчыны на намаляваных дамскіх ручках. Па словах жанчын, атрымалася гэта ў іх даволі някепска.
Удзельнікі клуба старанна падрыхтаваліся да свята, а таму ў час сустрэчы гучалі прыгожыя вершы, кампліменты, лірычныя песні для жанчын.
Зарад добрага настрою прысутныя атрымлівалі ад жартоўных конкурсаў і іспытаў. Жанчынам, напрыклад, давялося нават у свята чысціць бульбу і спавіваць дзяцей, але ж і ў жыцці падобнае часта здараецца.
Пасля конкурсаў удзельнікаў урачыстасці чакаў салодкі стол з сапраўднымі кандытарскімі шэдэўрамі, аб якіх паклапаціліся жанчыны-гаспадыні.
Ірына СТЫРНІК