Мы пакаленне, якое нарадзілася праз шмат гадоў пасля вайны.
Прайшлі гады з таго часу, але тысячы людзей ідуць да мемарыялаў, нясуць кветкі і становяцца на калені перад тымі, хто загінуў у гэтай страшнай вайне. Мы павінны заўсёды памятаць пра жах, які нясе вайна, і зрабіць усё, каб гэта ніколі не паўтарылася.
27 сакавіка вучні Дварэцкай сярэдняй школы наведалі мемарыяльны комплекс «Хатынь».
Незабыўнае ўражанне выклікала фігура чалавека, пачарнелага ад агню і закамянелага ад гора, з загінуўшым хлопчыкам на руках. Да глыбіні душы працяў рытмічны звон званоў, устаноўленых на месцы пячных труб дамоў вёскі. Падыходзіш да такой трубы, а на прыстасаванай да яе таблічцы — спіс загінуўшых з гэтага дома, і ўсюды маленькіх дзяцей больш, чым дарослых.
Напэўна, няма беларуса, які не ведае, што Хатынь — сімвал усіх спаленых вёсак Беларусі, сімвал памяці пра іх загінуўшых жыхароў. Але наколькі больш пранікліся маштабам гэтай трагедыі нашы школьнікі, наведаўшы «Могілкі неадроджаных вёсак».
Каля элемента мемарыяла «Сімвалічныя дрэвы жыцця» сярод 433 надпісаў усхваляваныя дзіцячыя вочы шукалі назву свайго роднага Дварца. Тут ўвекавечана памяць і пра яго трагічны лёс. З трапятаннем у душы дзеці чыталі назвы вёсак, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага Дзятлаўскага раёна: Вялікая Воля, Гарадкі, Трахiмавiчы, Пушча Ліпічанская…
Так, «Хатынь» — гэта не Брэсцкая крэпасць, не Музей Вялікай Айчыннай. Тут няма велізарнай колькасці інфармацыі. Спецыфіка мемарыяльнага комплексу «Хатынь» зусім іншая. Гэта музей аб мірных людзях, якія на любой вайне становяцца нявіннымі ахвярамі. Таму мемарыял на месцы спаленай вёскі мае права быць месцам нацыянальнай памяці.
Ігнацік Марына Іванаўна,
настаўніца Дварэцкай сярэдняй школы