Ці знойдуць вінаватага?

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У студзені 2019 года пракуратурай Дзятлаўскага раёна па матэрыялах праверкі Слонімскага міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў распачата крымінальная справа па факце махлярства, здзейсненага ў асабліва буйным памеры, у дачыненні да грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які ў 2018 годзе незаконна завалодаў маёмасцю шэрагу прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь.

Грамадзянін, з’яўляючыся дырэктарам камерцыйнага прадпрыемства, зарэгістраванага ў г. Балашыха, на працягу шэрагу гадоў супрацоўнічаў з многімі малакаперапрацоўчымі прадпрыемствамі Рэспублікі Беларусь, закупляючы ў іх прадукцыю для наступнай рэалізацыі ў Расіі пад уласнай гандлёвай маркай. У чэрвені 2018 года расійская фірма атрымала прадукцыю ад шэрагу прадпрыемстваў рэспублікі, даставіла і рэалізавала яе ў РФ, аднак разлічыцца з беларускім бокам не паспяшалася, абяцаючы зрабіць гэта з дня на дзень. У выніку некалькі “даверлівых” прадпрыемстваў працягвалі адпускаць малочную прадукцыю без яе фактычнай аплаты, а некаторыя – часта і без страхавання магчымых рызык.

Так, да прыкладу, Дзятлаўскі сыраробны завод вырабіў водпуск прадукцыі без аплаты і часткова без страхавання рызык на суму звыш 10 млн. расійскіх рублёў, Ваўкавыскае ААТ “Беллакт” – звыш 1,7 млн. расійскіх рублёў. Перагаворы па пытанні вяртання даўгоў поспехаў не прынеслі: у жніўні 2018 года расійскае прадпрыемства нечакана было ліквідавана, а з восені – у банкруцтве. Па факце махлярства ў адносінах да Дзятлаўскага і Ваўкавыскага прадпрыемстваў у дачыненні да дырэктара расійскай фірмы распачата крымінальная справа.

Сяргей ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага МА УДФР КДК Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці