Дзятлаўская зямля ўзгадавала таленавітага беларускага мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Арсеня Двараніна, якому сёлета споўнілася 70 гадоў.
Арсень Міхайлавіч нарадзіўся ў вёсцы Малыя Краглі Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і, у якой было чацвёра дзетак. Пасля заканчэння Жукоўшчынскай васьмігодкі ён паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Дыпломнай работай студэнта-выпускніка быў архітэктурны праект, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая работа прынесла першы поспех – яна экспанавалася на ВДНГ у Маскве (1969 год) і атрымала сярэбраны медаль. Пасля заканчэння тэхнікума Арсень Дваранін працаваў архітэктарам у Брэсцкім праектным інстытуце “Белдзяржпраект”. Затым вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Яго дыпломнай работай быў праект Мінскага мастацкага вучылішча, які экспанаваўся на Усесаюзнай выставе дыпломных работ у Вільнюсе.
Будучы студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Арсень пазнаёміўся з Ірынай Данілавай, таксама мастачкай, якая стала яго жонкай. У 1981 годзе яны пераехалі ў Гомель, на радзіму жонкі, дзе жывуць і цяпер. Арсень Міхайлавіч з’яўляецца выкладчыкам спецдысцыпліны на аддзяленні дызайну ў Гомельскім дзяржаўным мастацкім каледжы.
Мастак працуе ў жанры станковага жывапісу (партрэт, пейзаж, нацюрморт), дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (ручное ткацтва, батык). Член Беларускага саюза мастакоў з 1989 года.
Арсень Дваранін прымаў удзел у розных абласных і рэспубліканкіх выставах, а таксама міжнародных – у Польшчы, Францыі. У 1995 годзе ў Францыі была арганізавана персанальная выстава мастака. Яго габелены дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Гомельскім і Рэчыцкім музеях, а таксама за мяжой – у Францыі, Бельгіі, Расіі, Германіі, ЗША, Галандыі, Польшчы.
Арсень Дваранін – аўтар многіх праектаў мастацкага аздаблення памяшканняў (Гомельскі музычны каледж, музычная школа). Лаўрэат прэміі камсамолу Гомельшчыны.
У апошнія гады мастак выстаўляўся з выставамі “Уражанні”, “SOLO вдвоём”, “Близ розы гордой и прекрасной”. Яго нацюрморты жыва перадаюць стан натуры, стрыманы і сугучны каларыт букетаў.
Шматтраўе і шматквецце беларускіх лугоў і палёў, ціхая пяшчота лясоў знайшлі адлюстраванне ў непаўторных сваёй арыгінальнасцю і прыгажосцю габеленах Арсеня Двараніна, які часта выступае ў пары з жонкай. Іх габелен “Палеская рапсодыя” быў прызнаны ў свой час адметнай падзеяй у мастацкім жыцці Беларусі. А габелен “Францыск Скарына”, што знаходзіцца ў фондах Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, будзіць успамін пра малую радзіму.
“Асноўная тэма маёй творчасці, — гаворыць мастак, — гэта сцвярджэнне прыгажосці прыроды, прыгажосці чалавека”.
Да свайго юбілею мастак рыхтуе персанальную выставу работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая пройдзе ў студзені 2020 года.
Нягледзячы на вялікую занятасць творчай працай, Арсень Дваранін часта прыязджае на радзіму, у вёску Малыя Краглі, каб узгадаць дзяцінства, прайсціся па родных вуліцах, наведаць магілы бацькоў і родных.
Ірына ЯКАЎЧЫК,
галоўны захавальнік фондаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея