Залатая шайба, залатыя медалі і бліскучая перамога юных хакеістаў Дзятлаўшчыны (+відэа)

Галоўнае Свежыя навіны Спорт і турызм

З 18 па 20 лютага Лядовы палац горада Ліды стаў месцам сустрэчы лепшых хакейных дзіцячых каманд вобласці. Тут на працягу трох дзён праходзіў абласны турнір сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба”.

Усяго за пуцёўку ў фінал “Залатой шайбы” ў Лідскім лядовым палацы змагаліся 11 каманд у малодшай узроставай групе.

Паўфіналісты вызначыліся ў аўторак, 19 лютага, а днём пазней, у сераду 20 лютага сталі вядомыя прызёры і пераможцы. Імі стала зборная каманда “Алмаз” Дзятлаўскага раёна.

Першым днём каманда дзятлаўчан сыграла матч з камандай Свіслацкага раёна. Лік 23:0 стаў вызначальным. На наступны дзень каманда Дзятлаўскага раёна сустрэлася з камандай Астравецкага раёна і  з лікам 9:0 атрымала чарговую перамогу. У гэты ж дзень адбылася гульня  дзятлаўскага “Алмаза” з хакейнай камандай з Мастоўскага раёна. Не пакінулі юныя дзятлаўчане магчымасці забіць шайбу і гэтай камандзе. Так, з лікам 3:0 яны атрымалі яшчэ адну зорную перамогу і тым самым выйшлі ў фінал.

Сёння нашы хакеісты правялі чарговыя дзве гульні. Першымі на лёд выйшлі каманда Дзятлаўскага і Смаргонскага раёнаў: 14:0 – і бліскучая перамога ў дзятлаўчан. Апошняя сустрэча  дзятлаўскага “Алмаза” прайшла з камандай “Арляты” з пасёлка Орля Шчучынскага раёна з лікам 6:1. І вось зорную перамогу абласнога турніру “Залатая шайба” прывезлі на Дзятлаўшчыну хакеісты “Алмаза”.

Тым самым дзятлаўчане атрымалі пропуск на ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах “Залатая шайба”  на прыз Прэзідэнта Беларусі.

Чакаецца, што фіналісты рэспубліканскіх спаборніцтваў “Залатая шайба” ў малодшай узроставай групе вызначацца 24 сакавіка ў Маладзечне.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Вольга ЮШКЕВІЧ

 

 



Теги: