З 2007 года ў Дзятлаўскім раёне праводзяцца валейбольныя турніры памяці Дзмітрыя Лазовіка і Аляксандра Шылава сярод аматарскіх спартыўных камандаў.
Сёння, 8 лютага, у Наваельнянскай сярэдняй школе ладзіўся турнір памяці Аляксандра Шылава.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў турніру звярнуліся начальнік групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Павел Бараноўскі і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Алег Драгунскі.
Яны расказалі, як жыццё нашага земляка Аляксандра Шылава абарвалася на афганскай вайне, наколькі важна захоўваць памяць аб мужнасці і гераізме воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У памяць аб вайне ў Афганістане, аб нашых земляках, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, вучні Наваельнянскай сярэдняй школы прачыталі вершы.
Пасля гэтага у зале наступіла поўная цішыня. Прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто жывым шчытом паўстаў на шляху міжнароднага тэрарызму, хвілінай маўчання.
Валейбольны турнір пачаўся эмацыйна, а на працягу гульні кожны ўдзельнік з воляй да перамогі праяўляў спрыт і настойлівасць.