Родная мова з’яўляецца галоўным сродкам засваення дзецьмi культуры свайго народа, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці.
У Гезгалаўскім яслі-садзе прайшоў тэматычны тыдзень “Каб гучала родная мова”. Мэта правядзення тыдня: садзейнічаць узнікненню цікавасці да беларускай мовы, выхаванню любові да беларускага слова, гісторыі свайго народа.
18 лютага адбылося адкрыццё Тыдня роднай мовы. На працягу ўсяго дня і супрацоўнікі, і бацькі, і выхаванцы размаўлялі па-беларуску.
Беларусачка Алеся запрасіла выхаванцаў у музычную залу, дзе дзяцей чакала віртуальнае падарожжа па сталіцы нашай краіны г. Мінску.
З вялікай цікавасцю дзеці «наведалі «Мінскі трактарны завод”, заводы «Атлант” і “Гарызонт”. Праз гульню «Складзі ланцужок» замацавалі ўяўленні аб прадукцыі гэтых прадпрыемстваў. Але самае вялікае ўражанне маленькія беларусы атрымалі ад падарожжа на кандытарскую фабрыку «Камунарка». Аказалася, што дзеці добра ведаюць і любяць салодкую прадукцыю: цукеркі, зефір, халву, шакалад…!
Разам з Алесяй дзеці гулялі ў беларускія народныя гульні «Капялюш», «Прэла-гарэла».
А потым паспаборнічалі у перакладзе слоў з рускай на родную мову.
У гульні «Інтэрв’ю» выхаванцы падзяліліся сваімі думкамі аб тым, чаму нам, беларусам, трэба ведаць сваю мову. І думкі ў дзяцей цудоўныя!
Аліса Л.: «Нам трэба ведаць сваю мову, бо мы жывем у Беларусі».
Юсціна С.: «Я хачу навучыцца гаварыць на беларускай мове, бо яна прыгожая».
Ксенія Ж.: «Я хачу гаварыць па-беларуску, бо так гаворыць мой тата, і мне вельмі падабаецца».
Штодзень у кожнай групе праходзілі тэатральныя хвілінкі, дзе выхаванцы драматызавалі любімыя беларускія казкі, а потым з задавальненнем малявалі ілюстрацыі да твораў .
Выхаванцы рознаўзроставых груп №3 і №2 наведалі Гезгалаўскую сельскую бібліятэку і Дом рамёстваў, дзе пазнавальную гутарку з дзецьмі правяла загадчык бібліятэкі Марына Грэцкая. Яна пазнаёміла з кніжным фондам і правіламі карыстання кнігамі і часопісамі. З асаблівай цікавасцю выхаванцы разглядалі экспанаты выставы для самых маленькіх чытачоў «Добры дзень,беларуская кніга!». Майстры Дома раместваў паказалі выхаванцам свае вырабы з саломы, ільну, лазы і г.д. Яны адкрылі дзецям вялікі «сакрэт»: вырабы атрымліваюцца прыгожымі толькі тады, калі іх робяць з любоўю і добрымі думкамі.
21 лютага, ў Міжнародны дзень роднай мовы, ў нашай установе прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй “Вывучаем мову разам”. Выхавальнікі правялі ранішняе інтэрв’ю з бацькамі (“Ці ведвеце Вы, якое сёння свята?”, “Як Вы лічыце, ці павінен чалавек ведаць родную мову?” і інш.). Аказалася, што большасць бацькоў ведалі аб свяце і згодны былі далучыцца да прапановы ўстановы: размаўляць па-беларуску. Акрамя таго, у гэты дзень бацькі і супрацоўнікі установы атрымалі міні-памяткі з прыгожымі выразамі знакамітых землякоў пра родную мову.
З мэтай далучэння дзяцей да жывога беларускага слова прайшоў конкурс чытальнiкаў вершаў на тэму «Мая сям’я». У конкурсе прынялi ўдзел выхаванцы 4-6 гадоў. Вельмi старанна, з вялiкай адказнасцю рыхтавалiся маленькiя беларусы да мерапрыемства. Разам з бацькамi i выхавальнiкамi падабралi і вывучылi вершы. А Валянціна Аніскевіч, маці выхаванцаў Алісы Аніскевіч і Максіма Маркушэўскага, сама напісала цудоўныя творы пра сваю вялікую сям’ю!
Вядучая мерапрыемства, выхавальнік Красоўская І.У., падрыхтавала выставу дзiцячых кнiг на роднай мове, а таксама мультымедыйную прэзентацыю для суправаджэння верша кожнага удзельніка.
I загучала родная мова!
Сапраўдным «цудам» для нашых выхаванцаў стала сустрэча з паэтам, нашай знакамітай зямлячкай, Верай Хрышчановіч. Яна з задавальненнем пачытала дзецям свае вершы пра родную старонку.
Пераможцамі конкурса чытальнікаў сталі дзяўчынкі рознаўзроставай групы №3: Нэлі Санюк , Аліса Ліцкевіч , Юсціна Санюк . Яны былі ўзнагароджаны памятнымі дыпломамі.
Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны Гезгалаўскага яслі-сада