Перад працоўным калектывам Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь” і Дзятлаўскай сельгастэхнікі са справаздачай аб праведзенай у 2018 годзе рабоце райвыканкама выступіў старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік.
Аналізуючы вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна, ён адзначыў, што за студзень-снежань мінулага года ва ўсіх галінах гаспадарчай дзейнасці прымаліся пэўныя меры па выкананні даведзеных заданняў і паказчыкаў.
Асобна Аляксандр Дубовік падкрэсліў, што ў раёне забяспечана выкананне паказчыка ўзроўню беспрацоўя, ён склаў усяго 0,4% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. На працягу 2018 года на Дзятлаўшчыне працаўладкавана 106% чалавек, а фінансавая падтрымка ў выглядзе субсідый выдзелена пецярым беспрацоўным. Многія грамадзяне былі накіраваны на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі.
За 2018 год аб’ём падрадных работ, выкананых уласнымі сіламі прадпрыемстваў будаўнічага комплексу, перавысіў паказчыкі мінулага года. Таксама дасягнуты мэты ў сферы аказання медыцынскіх паслугаў. Аддзелам адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама выкананы ўсе мінімальныя стандарты.
Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі забяспечваецца выкананне сацыяльнага стандарту па бюджэтным забеспячэнні выдаткаў на культуру ў разліку на аднаго жыхара.
Нягледзячы на тое, што многія паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўшчыны з’яўляюцца станоўчымі, планаў і мэтаў на будучыню шмат, і яны будуць дасягацца.
Юлія БАКУНОВІЧ
Вольга ЮШКЕВІЧ