Гэта ведаюць валанцёры з аграгарадка Круцілавічы, якія на працягу некалькіх гадоў падтрымліваюць плённае супрацоўніцтва з аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
На гэты раз навучэнцы Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы на чале з настаўніцай Надзеяй Канявега, разам са сваімі нязменнымі памочнікамі, работнікамі Данілавіцкага дома культуры Святланай Грос і Інай Анушкевіч, завіталі ў Дзятлава ў рамках акцыі “Нашы дзеці”, каб падарыць асаблівым людзям навагодні настрой. Сустрэцца з валанцёрамі мелі магчымасць не толькі наведвальнікі “Праменьчыка”, але і іх юныя сябры з Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Цёплая сустрэча даўніх сяброў пачалася з вітання з Дзедам Марозам і Снягурачкай, а таксама асабістым сакратаром Дзядулі – Бабай Ягой, праўда, як паказалі далейшыя падзеі, яна аказалася добрай і нават праспявала святочную песню. Навагоднія героі прапанавалі прысутным з дапамогай чароўнага капелюша згуляць у бяспройгрышную латарэю. У выніку амаль кожны ігрок атрымаў невялікі прыз-сюрпрыз. Аднак у скарбонцы круцілавіцкіх валанцёраў было назапашана яшчэ шмат прыемных нечаканасцяў. Найперш, гэта вясёлыя песні навучэнцаў, пад якія ўдзельнікі свята танцавалі і вадзілі карагоды. Цікавай аказалася і навагодняя жартоўная гульня “Што? Дзе? Калі?”. Не абышлося і без вершаў для Дзядулі Мароза, якія расказвалі, аж пакуль не апусцеў мех з цукеркамі. Яшчэ адным прыемным сюрпрызам стаў абмен віншаваннямі і і падарункамі.
– Ужо трэці год запар чакаем гэтай традыцыйнай сустрэчы і старанна да яе рыхтуемся, – зазначыла Надзея Канявега. – У перапынках паміж візітамі адсочваем вашы поспехі праз раённую газету “Перамога” і радуемся кожнаму з іх. Ажыццяўляйце свае запаветныя мары і жаданні, нягледзячы ні на што, імкніцеся да лепшага. Ад шчырага сэрца наша школа віншуе вас са святамі. Жадаем вам здароўя, поспехаў, дабрабыту, усяго таго, што робіць жыццё цудоўным. А на свеце няма нічога больш каштоўнага за жыццё. Шчасця вам у новым годзе.
Спецыялісты і наведвальнікі “Праменьчыка” ў сваю чаргу пажадалі гасцям поспехаў у вучобе, невычэрпнай энергіі, творчых дасягненняў, паспадзяваліся на новыя сустрэчы і ўручылі падарункі, зробленыя сваімі рукамі.
Пасля развітання з гасцямі наведвальнікаў аддзялення чакала яшчэ адна прыемная навіна. Салодкія падарункі для асаблівых людзей падрыхтавалі спонсары – ТАА “Ізакам”. Важкі пакунак падарункаў у “Праменьчык” прынесла і сям’я ганаровай старшыні раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Галіны Чура. Яго падрыхтавалі Галіна Мікалаеўна, яе дачка Вольга Дзьячкова і шасцігадовая ўнучка Ксенія, навучэнка сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Бабуля расказала, што сёлета Ксюша сама выказала жаданне падзяліцца падарункамі з іншымі людзьмі, каб свята завітала да кожнага.
Ірына КАЎКЕЛЬ