Асвяцілі ваду на дзятлаўскім возеры (+відэа)

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

19 студзеня ўсе праваслаўныя вернікі адзначаюць адно з самых значных святаў – Хрышчэнне Гасподняе, або Богаяўленне.

З самага ранку ва ўсіх храмах праходзяць святочныя набажэнствы, куды людзі ідуць памаліцца і набраць асвячонай вады, якая з’яўляецца вялікай святыняй. Асвячаецца ў гэты дзень вада і на многіх вадаёмах, дзе выразаецца ў лёдзе крыжападобная палонка – Іардань, у якую акунаюцца вернікі.

У гэтым годзе, як і ў мінулым, на дзятлаўскім возеры сабраліся людзі, святары, каб здзейсніць сумесную малітву, асвячэнне Іардані, каб жадаючыя маглі акунуцца, умацаваць свае духоўныя і фізічныя сілы. Правёў малебен айцец Іаан Кісель, Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, а дапамагаў яму айцец Уладзімір.

– Пасля асвячэння вада ў вадаёме набыла сілу іарданскай. Кожны, хто акунецца, можа атрымаць выратаванне ад духоўных і фізічных хваробаў, бо ў асвячэнні вады і ў акунанні ў Іардані чалавек атрымлівае выратаванне ад хваробы і дараванне грахоў, духоўны зарад, які яму неабходны, каб несці свой жыццёвы крыж. Часта чалавек думае, што, акунуўшыся ў Іардані на Хрышчэнне, ён атрымлівае дараванне грахоў сваіх. Але гэта не так. Дараванне грахоў чалавек атрымлівае ў таінстве споведзі і пакаяння, якія прымае ў храме Божым, а сёння, акунаючыся ў палонку, мы атрымліваем толькі духоўны зарад, які нам неабходны для выратавання душы. І мы атрымліваем выратаванне па веры сваёй ад тых немачаў духоўных і фізічных, якія ў нас ёсць. Таму жадаю, каб кожны, хто сёння акунуўся, сапраўды адчуў, што ён гэта зрабіў для выратавання сваёй душы і для здароўя цела, – сказаў у сваёй пропаведзі айцец Іаан.

 

А жадаючых паспрабаваць свае духоўныя і фізічня сілы сёлета было шмат, і мужчын, і жанчын, дзяўчат, і нават адзін хлопчык.

За сваю бяспеку людзям не варта было хвалявацца, бо ратаўнікі, якія дзяжурылі ля палонкі, пільна сачылі за працэсам, а валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа падавалі купальшчыкам коўдры і на беразе частавалі ўсіх жадаючых гарачым чаем. Там жа дзяжурылі хуткая дапамога і міліцыя.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота і відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ