Хрышчэнская вада – дар Божы (+відэа)

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Напярэдадні аднаго з найвялікшых святаў праваслаўных хрысціян – Хрышчэння Гасподняга ў аграсядзібе “Каля дуба” ў вёсцы Цяцейкі адбылося асвячэнне вады ў мясцовым возеры.Ветлівыя гаспадары сядзібы Сяргей і Жанна Калпінскія загадзя высеклі палонку ў форме крыжа – Іардань – і запрасілі ўсіх жадаючых прыйсці памаліцца, набраць вады, акунуцца.

Ужо не першы год асвячаць ваду сюды запрашаюць настаяцеля храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Дварэц іерэя Сяргея Антошкава. Святар у сваёй пропаведзі расказаў, што ў Хрышчэнні Гасподзь адкрыў Сябе. Усе тры асобы былі прадстаўлены свету: Сын Божы ўвайшоў у воды Іарданскія, з неба быў чуваць голас Бога Айца і з’явіўся Дух Божы ў выглядзе голуба. Гэта найвялікшая тайна, якую нам цяжка спасцігнуць.

Айцец Сергій растлумачыў, што ўздзеянне дэманічнага свету на чалавека прымушае нас адкрываць самыя дрэнныя якасці, якія нікуды не знікаюць, і знішчыць іх нічым не магчыма, толькі хрышчэнскай вадой. А ў вадзе, якая асвячаецца, няма дэманічных сілаў, яна настолькі чыстая, што здольная змяняць усё навакольнае, хоць мы гэтага не бачым.

Гэта найвялікшы дар Бога нам, людзям. Часам людзі ваду захоўваюць нават па некалькі гадоў, але гэтага не трэба рабіць. Яе не трэба набіраць шмат, а можна разводзіць.

Пасля малебна айцец Сергій асвяціў ваду, павіншаваў усіх вернікаў са святам. Кожны набраў сабе святой вады, а дзевяць чалавек сёлета акунуліся ў крыжападобнай палонцы. Двое з іх падзяліліся сваімі адчуваннямі.

 

Дзмітрый Маліка: “Адчуванні цудоўныя, я не першы год акунаюся і раблю гэта не проста так, а з верай, гэта самае галоўнае. Потым цэлы год хаджу ў прыўзнятым настроі, ніколі не хварэю”.

Георгій Бойка: “Я акунаўся на Хрышчэнне першы раз. Хацеў даўно, але неяк усё не адважваўся. Выйшаў з вады і адчуў сапраўдную лёгкасць, радасць. Зрабіў гэта, каб ачысціцца, стаць лепшым, бо, як гаварыў сёння святар, хрышчэнская вада – гэта дар Божы, яна творыць цуды. Цяпер кожны год буду старацца акунуцца”.

Пасля гаспадары сядзібы гасцінна запрашалі ўсіх у дом пагрэцца і пачаставацца гарачым чаем з дамашняй выпечкай.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота і відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ