Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
На гэты раз старшыня аб’яднання Алена Жадзейка і жанчыны-актывісткі – начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус і галоўны бухгалтар аддзела Марына Аўсіец накіраваліся ў Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Для выхаванцаў установы яны набылі развіваючыя цацкі і гульні, якія так неабходны асаблівым дзецям. Дзятва адразу ацаніла падарункі і з нецярпеннем чакала моманту, калі можна будзе пагуляць.
Педагогі цэнтра ў знак удзячнасці жансавету, як пастаяннаму памочніку ўстановы, ўручылі Алене Іванаўне “Сертыфікат добрых спраў”. “За распаўсюджанне культуры дабра, за добрую справу і шчыры ўчынак, за прыцягненне да здзяйснення добрых спраў іншых людзей” – вось за што атрымліваюць гэты ўнікальны дакумент сацыяльныя партнёры цэнтра. Аналагічны сертыфікатам за дапамогу і ўдзел у акцыі “Нашы дзеці” быў адзначаны аддзел адукацыі райвыканкама. Дакумент атрымала Наталля Белаус.
Ірына СТЫРНІК