22 снежня прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, удзел у якой прынялі 60 дэлегатаў.
У дакладзе старшыні раённага жансавета Алены Жадзейка і выступленнях актывістак былі акрэслены асноўныя накірункі дзейнасці за апошнія два з паловай гады. Найперш гэта павелічэнне колькасці ўдзельніц аб’яднання з 1265 да 1407 жанчын і творчая, мэтанакіраваная работа пярвічных арганізацый над павышэннем прэстыжу поўнай сям’і. Прадоўжана рэалізацыя сацыяльна-творчага праекта “Сям’я – адзінства думак і спраў”, дадзены старт інфармацыйнай піяр-кампаніі “Сям’я – новы імідж, новая рэклама!”. Для выкарыстання патэнцыялу праваслаўных традыцый і каштоўнасцяў у духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі ўстаноўлена плённае ўзаемадзеянне раённай і пярвічных арганізацый з Дзятлаўскай благачыннай акругай і сястрыцтвам.
Штогод праводзяцца сямейныя святы, спартыўныя спаборніцтвы, марафоны здароўя, конкурсы “Лепшая творчая сям’я”, “Лепшая шматдзетная сям’я”, “Чамадан сямейных каштоўнасцяў”, другі год запар арганізацыя ўдзельнічае ў раённым мерапрыемстве “Зецельскі фэст”, з’яўляецца актыўнай ўдзельніцай іншых значных раённых святаў і праектаў.
У сакавіку 2018 года па ініцыятыве жансавета, пры падтрымцы аддзела адукацыі, быў праведзены фестываль-конкурс “У жыццё выходзім з сям’і”, у маі – конкурс замяшчальных сем’яў “Сэрца аддаю дзецям” (на абласным этапе Дзятлаўшчыну прадстаўляла сям’я Жыляніных).
Актывісткі раённай арганізацыі з’яўляюцца ўдзельніцамі міжведамаснага ўзаемадзеяння па аказанні дапамогі ахвярам гвалту ў сям’і, пярвічныя арганізацыі ўстановаў адукацыі актыўна ўключыліся ў склад камісій па аглядзе сем’яў раёна, абароне правоў дзяцей, у рэалізацыю праекта “Калі мы разам – мы мацнейшыя”. За асабісты ўклад ва ўмацаванне сістэмы прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх, захаванне і памнажэнне сямейных каштоўнасцяў і да 100-годдзя стварэння камісій па справах непаўналетніх Ганаровай граматай старшыні праўлення Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БСЖ” узнагароджана ўдзельніца праўлення Алена Чайкоўская.
У рамках акцыі “Паветра жыцця!” пералічылі сродкі на закупку абсталявання для Гродзенскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці, апякуемся над прытулкам сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, дзецьмі Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Актыўна члены жансавета падключыліся да рэалізацыі праекта “Талентам – развівацца!” (па падтрымцы адораных дзяцей, пачынаючы з дашкольнага ўзросту). Асаблівую значнасць у рабоце арганізацыі набыла дзейнасць, скіраваная на фарміраванне грамадзянскіх якасцяў асобы, актыўнай жыццёвай пазіцыі падрастаючага пакалення.
Не застаюцца па-за ўвагай пажылыя людзі: разам з органамі сацыяльнай абароны рэалізуюцца праекты “Універсітэт трэцяга ўзросту” для пажылых жанчын, значны сацыяльны праект “Час добрых спраў”, неаднаразова аказвалася маральная і матэрыяльная падтрымка пажылым людзям і інвалідам, якія знаходзяцца ў стацыянарных установах раёна, ветэранам вайны і працы, адзінокім грамадзянам.
Членамі праўлення раённай арганізацыі ГА “БСЖ” сумесна з прадстаўнікамі органаў мясцовай улады штогод арганізуецца ўшанаванне жанчын-маці (шматдзетных, прыёмных, тых, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, заслужаных працаўніц сельскай гаспадаркі, актыўных членаў жаночага руху) – мерапрыемствы “Ад усёй душы дзякуй!”. Пярвічныя арганізацыі паспяхова ўключыліся ў рэалізацыю праекта “Народныя ўмельцы” (выяўляюць жанчын-майстрых, арганізавалі выставу да Дня сям’і “Майстрыха і рукадзельніца”, збіраюць матэрыялы ў музеі “Жанчыны-маці” на базе гімназіі). Раённая арганізацыя ГА “БСЖ” штогод удзельнічае ў конкурсах “Жанчына года”, “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны”. У міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Свет для жанчыны, жанчыны для свету” ўдзельнічалі Алена Радомская, старшыня пярвічкі гімназіі №1 горада Дзятлава, і Тамара Крывеня, актывістка пярвічкі Наваельнянскага сельвыканкама. Значнай падзеяй стала правядзенне на базе раёна выязнога пасяджэння Гродзенскай абласной арганізацыі па тэме “Аб рабоце Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” па выкананні Праграмы дзейнасці Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” на 2016-2021 гады”.
Варта зазначыць, што Дзятлаўская раённая арганізацыя ГА “БСЖ” другі раз за справаздачны перыяд выйшла ў абласныя лідары і па выніках 2018 года адзначана дыпломам Гродзенскай абласной арганізацыі ў намінацыі “Эфектыўнасць і развіццё”. Алена Жадзейка падкрэсліла, што гэта агульная заслуга жанчын раёна і падзякавала ім за актыўнасць.
Вопытам работы пярвічных арганізацый падзяліліся Наталля Тамашова (Вензавецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа) і Валянціна Момат (Дварэцкі сельвыканкам). Аб выніках праверкі фінансавай дзейнасці жансавета расказала галоўны бухгалтар аддзела адукацыі райвыканкама Марына Аўсеец. Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне лепшых пярвічных арганізацый.
Вынікі сустрэчы падвяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка. Яна зазначыла, што жансавет працуе плённа, мэтанакіравана і сістэмна, а таму ў рэйтынгу раённых арганізацый займае лідыруючыя пазіцыі. У гэтым вялікая заслуга старшыні аб’яднання Алены Жадзейка, якая змагла згуртаваць жанчын і “заразіць” іх сваёй ініцыятыўнасцю, адсюль і вынікі, якімі можна ганарыцца.
Напрыканцы канферэнцыі адбыліся выбары старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БСЖ”, праўлення, рэвізійнай камісіі. Па рашэнні ўдзельнікаў, кіраўніцтва раённай арганізацыяй зноў даверана Алене Жадзейка.
Жансавет кожную сваю сустрэчу суправаджае добрымі справамі, не стала выключэннем і канферэнцыя. У час яе былі сабраны сродкі для падтрымкі Іны Юганавай, якая трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю і чакае аперацыі. Пасля пасяджэння яе наведалі Алена Жадзейка і жанчыны-актывісткі, выказалі словы шчырай падтрымкі, пажадалі хуткага выздараўлення. Дарэчы, дапамогу хворай можа аказаць любы жадаючы, звяртацца па інфармацыю можна ў раённую арганізацыю ГА “БСЖ”.
Ірына КАЎКЕЛЬ