У Гродне падведзены вынікі абласнога этапу XXII Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”.
З усіх раёнаў Прынёманскага краю на конкурс былі прадастаўлены 334 работы, у тым ліку 14 работ навучэнцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава і ўстановаў адукацыі раёна.
Рукатворная прыгажосць, выкананая ў розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, удзельнічала ў такіх намінацыях, як “Ёлачная цацка”, “Сувенір-падарунак”, “Навагодняя паштоўка”, “Калядная кампазіцыя”, “Зіма ў Беларусі”, “Арт-аб’ект” і іншых.
Абласное журы адзначыла высокі ўзровень мастацкага і тэхнічнага выканання работ-удзельніц, пры гэтым, пераможцамі сталі 60 экспанатаў выставы-конкурсу. Менавіта яны і накіраваны ў сталіцу, у Нацыянальны цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дзе будуць спаборнічаць за званне лепшых у рэспубліцы.
А на абласным этапе ў Гродне “Калядная зорка” тройчы засвяціла дзятлаўчанам. У намінацыі “Падарунак на Галоўную ёлку краіны” дыпломам першай ступені адзначана сумесная работа Дар’і Дзядовіч і Дар’і Абрамчык, якая наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Рукатворны свет” і займаецца пад кіраўніцтвам Марыны Харкевіч.
У намінацыі “Навагодняя паштоўка” дыплом другой ступені за сумесную работу атрымалі Арцём Мілюшкевіч і Анастасія Жук, наведвальнікі аб’яднання па інтарэсах “Беларускія матывы”, кіраўнік – Надзея Мілюшкевіч.
Дыпломам за трэцяе месца ў намінацыі “Сувенір-падарунак” узнагароджана наведвальніца аб’яднання па інтарэсах “Беларуская выцінанка” Дар’я Глацько. Кіраўнік аб’яднання – Алена Турчэнік.
Вынікі рэспубліканскага этапу XXII выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” будуць падведзены напярэдадні праваслаўных Калядаў. Пажадаем поспехаў нашым землякам.
Ірына КАЎКЕЛЬ