Фінальная сустрэча футбольных каманд

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

На Дзятлаўшчыне завяршыўся  рэспубліканскі праект “Школьная футбольная ліга па міні-футболе сярод дзяўчынак”.

На працягу больш чым двух месяцаў праходзілі спаборніцтвы на базе спартыўных залаў раённых устаноў адукацыі. За права звацца лепшымі футбалісткамі змагаліся шаснаццаць каманд навучэнак з чатырнаццаці агульнаадукацыйных школ. Арганізатарамі ўсіх спартыўных сустрэч выступілі  раённая ДЮСШ і аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама.

Фінальная сустрэча адбылася на базе сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік аддзела адукацыі Наталля Белаус, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святлана Лагута. Ганаровым гасцямі сустрэчы сталі прадстаўнікі Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”.

Юныя спартсменкі пазмагаліся ў развіваючых футбольных эстафетах і сяброўскіх гульнях. Яны адзначаюць, што такія сустрэчы прыносяць ім радасць знаёмства з новымі сябрамі, яркія ўспаміны аб спартыўных дасягненнях і перамогах, выказваюць шчырае жаданне працягваць удзел у падобных праектах.

Заслужаныя ўзнагароды ад кіраўніцтва раёна і спонсараў Асацыяцыі БФФ – граматы ўдзельнікаў сустрэчы былі ўручаны ўсім без выключэння членам футбольных спаборніцтваў, памятныя і каштоўныя  падарункі, футбольныя кубкі – капітанам каманд.

Па выніках праекта старшы трэнер па футболе Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзімір Ганчар зможа адабраць лепшых дзяўчынак для ўдзелу ў моладзевым першынстве Рэспублікі Беларусь у сезоне 2019 года па праграме развіцця жаночага футбола АБФФ і ФІФА.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ