Мерапрыемства пад такой назвай, прымеркаванае да 100-годдзя заснавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, прайшло ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна з ініцыятывы наведвальнікаў клуба “Нам гады не бяда” і яго кіраўніка Галіны Касцюк пры падтрымцы артыстаў сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва і Дварэцкага дома культуры.
На сустрэчу таксама завіталі прадстаўнікі маладога пакалення – навучэнцы гімназіі №1 горада Дзятлава і спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Анастасія Цярэшка. Галіна Касцюк правяла для гімназістаў невялікую экскурсію і пазнаёміла іх з экспанатамі тэматычнай выставы. Навучэнцаў зацікавілі не толькі кнігі савецка-беларускага перыяду, але і тагачасныя грашовыя знакі, узнагароды, дакументы і рэтра-ёлка, упрыгожаная чырвонай зоркай і старымі цацкамі з хатніх калекцый нашых землякоў.
– 100-годдзе БССР – гэта наша з вамі гісторыя, – звярнулася да прысутных Галіна Касцюк, – спадзяюся, сёння будзе шмат успамінаў і аповедаў, бо тут прысутнічае моладзь, якой цікава паслухаць прадстаўнікоў старэйшага пакалення. З намі і навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык, якая падрыхтавала змястоўнае выступленне. Спадзяюся, сённяшняе мерапрыемства пройдзе ў цёплай сяброўскай атмасферы, будзе цікавым і карысным для ўсіх прысутных.
Здзейсніць падарожжа ў далёкае мінулае гасцям свята прапанавалі навучэнцы гімназіі №1 горада Дзятлава. Яны ўзгадалі пра часы Вялікага Княства Літоўскага і больш позні перыяд і запрасілі заходзіць на інтэрнэт-рэсурс “Вуліцамі старога горада”.
З круглай датай ў гісторыі прысутных павіншавалі Анастасія Цярэшка і Ганна Харлінская. Алена Абрамчык узгадала біяграфіі навукоўцаў, грамадскіх і палітычных дзеячаў БССР, якія праслаўлялі дзятлаўскую зямлю, і запрасіла наведаць выставу “Наш гонар”, якая цяпер дзейнічае ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Краязнаўца Міхаіл Лук’янчык захапіў з сабой камсамольскі і партыйны білеты, граматы і калекцыю манет. Ён узгадаў асноўныя факты з гісторыі стварэння БССР і правёў цікавую гістарычную віктарыну.
Вядучая свята Ірына Цяцерына прапанавала ўзгадаць савецкія хіты і праспяваць іх куплеты разам, між іншымі песнямі выканалі і радкі гімна БССР. Таксама ўспаміналі многія факты, звязаныя з жыццём і побытам людзей савецкага перыяду. Добра знаёмыя песні і выдатны настрой прысутным дарылі Ірына Бакшук, Васіль Шпігановіч, Наталля Бузук.
Развітваючыся, удзельнікі свята адзначалі, што ім усім вельмі спадабалася і ўзгадваць былое, і даведацца штосьці новае з выступленняў спецыялістаў і гасцей, а таксама дзяліцца ўласнымі ўспамінамі. Сустрэча прайшла на пазітыве.
Ірына КАЎКЕЛЬ