1 студзеня 2019 года споўніцца 100 гадоў з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
БССР – гэта цэлая эпоха ў гісторыі, якая праіснавала амаль усё ХХ стагоддзе і стала падмуркам для сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
Да стагоддзя заснавання БССР у снежні гэтага года выйдзе ў свет першая кніга пяцітомніка пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці.
У кнізе будзе паказана, як фарміраваўся патэнцыял дзяржаўнасці беларускага народа, аналіз усіх гістарычных перыядаў.
Карэспандэнтка газеты даведалася, што цікавага падрыхтавалі да 100-годдзя абвяшчэння БССР для сваіх чытачоў супрацоўнікі раённых бібліятэк.
Як высветлілася, у бібліятэках Дзятлаўшчыны адкрыліся часовыя кніжныя экспазіцыі. У аснову іх увайшлі выданні, якія абагульняюць навуковыя даследаванні і адлюстроўваюць гістарычны падыход да праблемы вывучэння падзей пачатку ХХ стагоддзя, якія сталі лёсавызначальнымі для беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
Матэрыялы экспазіцый нагадваюць аб асобных гістарычных перыядах: тут размешчаны публікацыі даваеннага і пасляваеннага часоў, 90-х гадоў, пачатку 21 стагоддзя і сучасныя, найноўшыя выданні. Прадстаўлены матэрыялы аб дасягненнях рэспублікі ў сацыяльна-эканамічным, навуковым і культурным развіцці.
Паводле слоў загадчыкаў раённых бібліятэк, часовыя экспазіцыі дакументальных выданняў адлюстроўваюць падзеі, звязаныя з асноўнымі датамі станаўлення БССР у розныя гады. Праз дакументальныя выданні, вытрымкі з газет наведвальнікі могуць пазнаёміцца з матэрыяламі, прысвечанымі гэтай тэме.
Па словах бібліятэкараў, выставу актыўна наведваюць дзеці і падлеткі. Хлопчыкам і дзяўчынкам цікава даведацца пра былое сваёй Радзімы, прасачыць шлях яе развіцця даўжынёю ў 100 год.
Плануецца, што кніжныя экспазіцыі будуць дзейнічаць на працягу снежня 2018 года – студзеня 2019 года.
З нагоды гэтай юбілейнай даты супрацоўнікі раённых бібліятэк запрашаюць жыхароў і гасцей горада наведаць выставы, пазнаёміцца з матэрыяламі мінулага і сучаснага краіны.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ