Вакансіі ёсць – было б жаданне

Галоўнае Свежыя навіны Улада

22 лістапада на Дзятлаўшчыне прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

Прадоўжана практыка выязных пасяджэнняў, паколькі менавіта такая форма работы дазваляе вырашыць на месцах пытанні, у тым ліку праблемныя, з якімі сутыкаюцца не занятыя ў эканоміцы працаздольныя грамадзяне. На гэты раз месцам сустрэчы стаў аграгарадок Хвінявічы, дзе да ўдзельнікаў камісіі далучыліся старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка і спецыяліст КСУП “Хвінявічы”.

Запрашэнні звярнуцца ў камісію атрымалі 10 жыхароў сельскага савета, якія не працуюць, праўда, у некаторых з іх перыяд незанятасці “расцягнуўся” на гады, у іншых – на некалькі месяцаў. На сустрэчу прыйшлі 4 чалавекі. Кожнага з іх удзельнікі камісіі выслухалі індывідуальна і прынялі канкрэтныя рашэнні.

Першым у камісію звярнуўся самы малады мужчына. У свае 26 гадоў ён мае запатрабаваную будаўнічую спецыяльнасць і вопыт работы, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі. Менавіта ў краіне-суседцы ён працаваў яшчэ два месяцы таму, а цяпер выказаў жаданне працаўладкавацца на Радзіме. Маладому чалавеку прапанавалі работу ў Дзятлаве, у Будкомплексе, а таксама патлумачылі магчымасць прайсці перанавучанне ад службы занятасці на іншую спецыяльнасць або адкрыць індывідуальнае прадпрымальніцтва. Мужчына згадзіўся прыехаць ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па накіраванне для працаўладкавання.

Наступным выслухалі жыхара аграгарадка Хвінявічы, які расказаў, што апошні раз працаваў вартаўніком у 2013 годзе, а па спецыяльнасці ён аўтаслесар. Цяпер мужчына заняты ўласнай гаспадаркай, у якой ёсць птушкі, свінні, нават конь, таму хатняй работы заўсёды хапае. Яму прапанавалі зноў працаўладкавацца вартаўніком, калі зможа прайсці медыцынскі агляд і ўзгадненне з наймальнікам. Таксама параілі падумаць над магчымасцю адкрыць уласную справу: рамантаваць аўтамабілі або весці фермерскую гаспадарку. Мужчына ўзяў кантакты службы занятасці і паабяцаў у самы хуткі час даць адказ або прыехаць па накіраванне.

У 2014 годзе звольніўся з КСУП “Хвінявічы”, дзе працаваў будаўніком, наступны прэтэндэнт на працаўладкаванне. Цяпер жыхар аграгарадка даглядае нямоглую састарэлую маці, расказвае, што спрабаваў афіцыйна аформіць догляд за ёю, але з-за адсутнасці ў хворай першай групы інваліднасці гэта немагчыма. Па спецыяльнасці беспрацоўны – машыніст халадзільных установак, што для нашага раёна не вельмі актуальна. Наконт перанавучання ад службы занятасці на больш запатрабаваную спецыяльнасць мужчына абяцаў падумаць, а пакуль ён згодны пайсці падсобным рабочым у КСУП “Хвінявічы”, таму ў бліжэйшы час прыедзе ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Раней працаваў паляводам, але ўжо два гады не быў заняты ў эканоміцы жыхар вёскі Разважжа. На прапанову працаўладкавацца жывёлаводам у КСУП “Хвінявічы” ён згадзіўся адразу ж, патлумачыўшы, што гэта работа яму знаёмая. Ужо на наступны дзень ён прыедзе ў службу занятасці па накіраванне.

На павестцы дня камісіі быў яшчэ і разгляд зваротаў жыхароў раёна па пытаннях выключэння іх з базы даных незанятых у эканоміцы. На адрас камісіі паступілі тры завочныя звароты, гэта значыць, тры чалавекі прадаставілі пацвярджальныя дакументы. Два звароты былі вырашаны станоўча. Занятым палічылі мужчыну, які працуе ў Літоўскай Рэспубліцы і даслаў засведчаную копію працоўнага дагавора з перакладам на рускую мову. Праўда, тэрмін дзеяння прадастаўленага дакумента хутка скончыцца, і давядзецца высылаць новы.

Таксама са спісаў незанятых выключылі грамадзяніна, які жыве ў Казлоўшчыне і мае бестэрміновае пасведчанне інваліда трэцяй групы расійскага ўзору, з рэспублікі-суседкі гэты мужчына атрымлівае і грашовую дапамогу па інваліднасці.

Адхілены зварот яшчэ аднаго жыхара Казлоўшчыны, які жыве ў Расійскай Федэрацыі і прадаставіў у камісію толькі копію даведкі аб пастаноўцы на ўлік у падатковы орган краіны-суседкі. Каб не трапіць у базу незанятых, яму неабходна выслаць удакладняючыя дакументы.

Дарэчы, як часта трэба пацвярджаць сваю занятасць за мяжой і якія менавіта дакументы неабходна прадастаўляць у камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна, можна даведацца на сайце Дзятлаўскага райвыканкама ў рубрыцы “Дэкрэт аб занятасці” ці з інтэрв’ю з Аляксандрам Бараноўскім пад назвай “Як пацвердзіць занятасць і куды звяртацца?”, якое друкавалася ў газеце “Перамога”, №90 за 21 лістапада 2018 года.

Ірына СТЫРНІК 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *