На асенніх канікулах навучэнцаў сярэдняй школы №3 горада Дзятлава запрасіў аздараўленчы лагер “Усмешка”. Вопытныя педагогі падрыхтавалі займальную праграму “Рыжая Восень запрашае!”.
Кожную раніцу 60 хлопчыкаў і дзяўчынак спяшаліся ў лагер, дзе іх чакалі займальныя падарожжы, інтэлектуальныя і спартыўныя гульні, конкурсныя праграмы, прагулкі, творчыя заданні. Дзеці хоць і маленькія, але ў іх шмат што атрымліваецца правільна. Да заданняў выхаванцы адносіліся вельмі адказна і сур’ёзна. Кожны атрад стараўся перамагчы і атрымаць падарункі і сувеніры.
“Дзень зялёнага агеньчыка”, “Дзень малой радзімы”, “Дзень восені”, “Дзень вясёлых забаваў”, “Дзень казак”, “Дзень фарбаў” – пад такімі назвамі дзён гаспадыня Восень запрашала сваіх гасцей.
У сераду, 31 кастрычніка, у лагеры прайшоў “Дзень восені”. Дзеці прынялі актыўны ўдзел у конкурсна-гульнявой праграме “Добры дзень, залатая восень”. Загадкі, рэбусы, прыказкі і прымаўкі прапанавала гаспадыня Восень сваім маленькім гасцям. З цудоўным настроем школьнікі пакідалі актавую залу. А Восень паклікала выхаванцаў лагера ў парк, падарыўшы ім выдатнае надвор’е.
Вольга ШМЫГІН,
дырэктар лагера “Усмешка” сярэдняй школы №3 горада Дзятлава