На Дзятлаўшчыне падведзены вынікі працоўнага семестра моладзі 2018 года. Сваімі ўражаннямі падзяліліся яго арганізатары і ўдзельнікі.
Ігар Кухарэвіч, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, ён жа старшыня раённага штаба, які кантраляваў і каардынаваў дзейнасць студэнцкіх атрадаў:
– Студатрадаўскі рух на Дзятлаўшчыне арганізаваны даўно, праўда, бывалі часы, калі ён ладзіўся не на такім узроўні, на якім хацелася б. У апошнія гады гэтаму пытанню надаецца асаблівая ўвага. Сярод удзельнікаў працоўных кампаній, якія праходзяць у нашым раёне, студэнты прафесійна-тэхнічных ліцэяў, ВНУ, але пераважная большасць – навучэнцы старэйшых класаў установаў адукацыі Дзятлаўшчыны. Сёлета 204 чалавекі адпрацавалі на палетках гаспадарак раёна. Мы плануем усяляк стымуляваць байцоў і камандзіраў студэнцкіх атрадаў. Злёт працоўных атрадаў быў арганізаваны, каб выказаць словы падзякі за работу, узнагародзіць лепшых кіраўнікоў, лепшых намеснікаў па ідэалагічнай рабоце, бо яны сыгралі асноўную ролю ў фарміраванні, падтрымцы атрадаў, арганізацыі працоўнай занятасці моладзі. Вядома ж, лепшыя атрады будуць узнагароджаны паездкай ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” у Нясвіж, магчыма, і ў Мінск. Такім чынам мы стараемся падняць дух спаборніцтва сярод навучэнцаў школ. Падобныя мерапрыемствы плануем ладзіць і надалей, іх форма будзе ўдасканальвацца, каб гэта сапраўды было свята для нашай моладзі, каб яна адчувала ўвагу мясцовай улады. Дзякую ўсім за плённую працу.
Вольга Лахач, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Войневічы”:
– У нашай гаспадарцы студатрадаўцы сёлета працавалі на відавой праполцы зерневых. Рабяты малайцы: паспелі выканаць значны аб’ём работ, гаспадарка імі задаволена, бо за кошт праполкі павышаецца ўраджай.
Наша КСУП “Войневічы” больш за пяць гадоў запар прымае на работу ў складзе атрадаў школьнікаў, студэнтаў і нават тых падлеткаў, якія прыязджаюць адпачываць на лета да бабуляў з дзядулямі. Сярод іх ёсць пастаянныя ўдзельнікі працоўных кампаній. Напрыклад, Дар’я Шапель. Яна ўжо студэнтка і сёлета згадзілася быць камандзірам атрада. У студатрадаўцаў са стажам адчуваецца вопыт, яны самі вучаць навічкоў. Мяркую, працоўная занятасць даволі карысная для моладзі, бо фарміруе адказнасць, дае вопыт нефармальных зносін з людзьмі старэйшага пакалення, для кагосьці гэта, магчыма, яшчэ і прафарыентацыя. Сёлета, напрыклад, для ўдзельнікаў працоўных атрадаў мы ладзілі экскурсіі на малочнатаварную ферму “Войневічы”, на комплекс “Ёцавічы”. Рабяты маглі параўнаць, у чым між імі розніца. Пабачылі студатрадаўцы і рабочы працэс на рамонтных майстэрнях гаспадаркі. Ладзілі мы для іх і іншыя цікавыя мерапрыемствы. Для моладзі гэта як пагружэнне ў дарослае жыццё. Магчыма, праз некаторы час хто-небудзь з іх прыйдзе ў нашу гаспадарку ўжо ў якасці спецыяліста.
Васіль Шыцько, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ветэран студатрадаўскага руху:
– Удзельнікам студатрадаўскага руху я быў у 1980-1982 гадах. Выдатна памятаю нават назвы студэнцкіх атрадаў – “Альтаир”, “Светоч”, “Зодчий”. Мы выконвалі будаўнічыя і меліярацыйныя работы. Гэта быў карысны і патрэбны вопыт. Па-першае, адчувалася рамантыка маладосці, па-другое, было прыемна разумець, што ты можаш сумяшчаць вучобу і працоўную дзейнасць, можаш працаваць рукамі, класці цэглу, на нешта ты прыдатны. Таму ўжо пасля ўдзелу ў першым студатрадзе ўзнікла нясцерпнае жаданне пабудаваць разам з бацькам лазню. Спачатку я нават сам кіраваў будоўляй, але ў хуткім часе бацька, як чалавек больш вопытны ў падобных справах, узяў гэтую місію на сябе. І, варта зазначыць, лазню мы пабудавалі. Таму з упэўненасцю магу сказаць, што тыя ўменні, якія моладзь набывае ў студатрадах, спатрэбяцца пазней у жыцці, як і разуменне, што не ўсё нам лёгка даецца, што грошы трэба яшчэ зарабіць. Студатрадаўскі рух мае права на існаванне, як карысная, правераная часам форма работы з моладдзю. Яго трэба прадаўжаць, загадзя выбіраючы для маладых людзей працоўныя аб’екты.
Ягор Сокал, навучэнец Наваельнянскай сярэдняй школы, удзельнік студатрадаўскага руху 2018 года:
– Гэта быў мой першы вопыт работы ў складзе працоўнага сельскагаспадарчага атрада. Мы палолі цукровыя буракі ў ААТ “Граніт-Агра”. Не скажу, што праца была лёгкай, але ўдалося някепска зарабіць. На полі са мной шчыравалі мае аднакласнікі, таму было цікава і весела. Да таго ж, я адчуў, што такое сельская праца. Сам я збіраюся стаць мастаком, але фізічнай работы не цураюся. Мне спадабалася быць байцом атрада, але сёлета я ўжо скончу школу, паколькі вучуся ў 11 класе. Аднак, калі ў навучальнай установе, куды паступлю, будуць прымаць у студатрады, пайду абавязкова. Мяркую, для навучэнцаў і студэнтаў карысна паспрабаваць свае сілы на практыцы, а для наймальнікаў – прыцягваць энергічных маладых работнікаў.
Ірына КАЎКЕЛЬ