Маладыя саджанцы туяў, высаджаныя апошнімі днямі па вуліцы Навагрудскай, ужо радуюць жыхароў мікрараёна і прыхільнікаў пешых прагулак па алеі Маці.
Сённяшнім днём праца актыўна кіпіць ў гарадскім цэнтральным парку. Работы па добраўпарадкаванні і азеляненні ўсяго горада праводзяць работнікі ЖКГ.
Як адзначаюць спецыялісты ў галіне раслінаводства, іглічныя расліны з’яўляюцца распаўсюджанымі дэкаратыўнымі раслінамі, якія выкарыстоўваюцца і рэкамендуюцца для азелянення населеных пунктаў.
Для пасадкі і афармлення ландшафтнага дызайну раённага цэнтра спецыялісты ЖКГ аддалі перавагу добра правераным заходнім сартам, якія адрозніваюцца разнастайнасцю формаў: шаравіднай туі “Даніка” і каланавіднай “Смарагд”. Расліны лёгка прыстасоўваюцца, не баяцца ні спёкі, ні маразоў, падыходзяць для любой глебы.
Як плануецца, сёлета гарадскі парк, асобныя тэрыторыі цэнтральнай плошчы і вуліцаў папоўняцца зялёнымі прыгажунямі, а шматвобразнасць стыляў і прыёмы ландшафтнага дызайну дазволяць гараджанам раённага цэнтра штодзённа захапляцца прыгажосцю вечназялёных раслін.
Добраўпарадкаванне тэрыторыі работнікі ЖКГ плануюць скончыць бліжэйшымі днямі.
Саджанцы яшчэ зусім маладыя, але прыгажосць і непаўторны каларыт, канешне, ствараюць ужо цяпер.
Таксама дрэвы плануецца пасадзіць па вуліцах Міцкевіча, Набярэжнай, Савецкай.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ