Са студзеня 2018 года ўсе кантрольныя і наглядныя органы працуюць у новых умовах узаемадзеяння з прадпрымальніцкім асяроддзем.
Асноўным патрабаваннем Кіраўніка дзяржавы пры рэфармаванні кантролю з’яўлялася зніжэнне ўздзеяння з боку кантралюючых (наглядных) органаў на суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці. Уведзена новая форма кантролю – выбарачныя праверкі. Гэты від кантролю прадугледжвае рызыка-арыентаваны падыход да арганізацыі праверак. У адрозненне ад праверак, якія праводзіліся па каардынацыйных планах, для адбору суб’екта да праверкі неабходна не толькі наяўнасць у яго крытэрыяў ступені рызыкі, але і іх ацэнка. Ацаніўшы крытэрыі, а таксама вывучыўшы наяўную ў дачыненні да суб’екта інфармацыю, кантралюючыя і наглядныя органы павінны вызначыць, ці адносіцца суб’ект да катэгорыі з высокай ступенню рызыкі здзяйснення правапарушэнняў.
Кожны з дзяржаўных органаў у тэрмін да 15 лістапада 2018 года павінен зацвердзіць зводны план праверак і накіраваць выпіскі з яго ў Камітэт дзяржаўнага кантролю той вобласці, дзе суб’ект праверкі пастаўлены на ўлік у падатковых органах. План выбарачных праверак на першае паўгоддзе 2019 года ў Гродзенскай вобласці будзе сфарміраваны Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці на падставе названых выпісак і ў тэрмін да 15 снежня 2018 года будзе размешчаны на афіцыйным сайце Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у Інтэрнэце, дзе прадстаўнікі суб’ектаў змогуць убачыць, ці адносіцца іх дзейнасць да высокай ступені рызыкі здзяйснення правапарушэнняў.
Аляксандр САДАЎНІЧЫ,
першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці