Пры парафіі касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дзятлаве адкрыўся салезіянскі араторый імя благаславёных мучанікаў з Познані на новы навучальны год. Яго асвячэнне адбылося 20 кастрычніка.
Салезіянскі араторый — гэта гасцінны дом, у якім ты заўсёды знойдзеш сям’ю; гэта парафія, у якой табе дапамогуць спаткацца з жывым Хрыстом; гэта школа, якая рыхтуе да жыцця; і ўрэшце, гэта падворак, дзе сябры могуць сустракацца і весела праводзіць час.
Удзел у святой імшы ў гонар адкрыцця араторыя прыняў настаяцель супольнасці салезіянаў у Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч.
Ксёндз Здзіслаў Пікула, настаяцель касцёла Успення Дзевы Марыі ў Дзятлаве, падзякаваў усім вернікам, святарам, якія сабраліся на ўрачыстую падзею адкрыцця араторыя.
Пасля Імшы прысутныя былі запрошаны на працяг святочнага мерапрыемства, якое праходзіла ў араторыі.
Вольга ЮШКЕВІЧ