Згодны ісці ў гаспадарку і на льнозавод

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна. На гэты раз удзельнікі камісіі завіталі ў аграгарадок Дварэц. Тут да іх далучыліся старшыня мясцовага сельвыканкама і прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.

Старшыня камісіі Аляксандр Бараноўскі, ён жа старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, адзначыў, што Дварэцкі сельскі савет даволі буйны, бо ў свой час да яго была далучана тэрыторыя Раготнаўскага сельскага савета. Безумоўна, на такой вялікай тэрыторыі могуць узнікаць пытанні з працаўладкаваннем, жывуць тут і людзі, якія не заняты ў эканоміцы.

Сітуацыю з занятасцю, якая склалася на падведамаснай тэрыторыі, ахарактарызаваў старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч. Ён зазначыў, што колькасць жыхароў працаздольнага ўзросту, якія не працуюць, час ад часу мяняецца. У сельсавеце іх не так шмат – у сярэднім каля дзесяці чалавек. Цяпер, напрыклад, выслалі запрашэнні 15 чалавекам, але прыйшлі не ўсе запрошаныя. Справа ў тым, што пачаўся сезон копкі бульбы. Гэта значыць, што для беспрацоўных ёсць магчымасць часовага заробку. Яшчэ многія вяскоўцы актыўна зарабляюць на зборы грыбоў, паколькі надвор’е гэтаму спрыяе.

На жаль, той, хто “зарабляе” ў лесе, мала задумваецца пра будучую пенсію. Тым не менш, не занятым у эканоміцы мясцовым жыхарам пастаянна тлумачаць, якія наступствы могуць быць ад іх “вольнага” ладу жыцця. Не за гарамі той час, калі мясцовыя беспрацоўныя, якія трапяць у базу не занятых у эканоміцы, адчуюць гэта ў рэальнасці. Аграгарадок Дварэц газіфікаваны, а, як вядома, ужо з 1 студзеня 2019 года тыя, чые прозвішчы ўключаць у базу, будуць аплачваць гарачае водазабеспячэнне па тарыфах, што забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат. З 1 кастрычніка 2019 года па такіх жа тарыфах незанятым давядзецца плаціць яшчэ і за цеплазабеспячэнне і газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў.

Таму задача камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна – выявіць непрацуючых грамадзян працаздольнага ўзросту, якія жывуць на Дзятлаўшчыне, і паспрыяць іх далейшаму працаўладкаванню.

Камісія практыкуе ў рабоце індывідуальны падыход, таму першым у кабінет запрасілі жыхара аграгарадка, які быў звольнены з работы за прагулы. Мужчыну крыху больш за 30 гадоў, ён не жанаты, жыве адзін. Да звальнення працаваў на льнозаводзе каля паўгода, праўда, апошнім часам работу прагульваў. Як сам прызнаецца, гэта адбывалася з-за праблемаў з алкаголем. Цяпер ён хоча закадзіравацца і вярнуцца на прадпрыемства. Члены камісіі падтрымліваюць такое рашэнне. Пакуль жа мужчыну запрашаюць прыехаць у Дзятлава і зарэгістравацца ў якасці афіцыйна беспрацоўнага ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Наступным у кабінет заходзіць равеснік папярэдняга беспрацоўнага. Ён таксама працаваў на льнозаводзе, праўда, на часовых работах – пагрузцы ўгнаенняў. Затым ездзіў на заробкі ў Расійскую Федэрацыю. Цяпер жыве з бацькамі, уласнага даходу не мае, збіраецца прайсці кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці. Мужчына згаджаецца зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, а ў далейшым наймацца на льнозавод.

Крыху за сорак запрошанаму на камісію жыхару вёскі Азяраны. Раней ён працаваў жывёлаводам, але звольніўся з гаспадаркі і “перабіваецца” часовымі заробкамі. Ён таксама сябруе з “зялёным зміем”, стаіць на ўліку ў доктара-нарколага. Мужчыну папярэджваюць, што з такім ладам жыцця ён хутчэй можа трапіць не на работу а ў ЛПП. Мясцовыя наймальнікі таксама не рызыкуюць браць яго на пастаянную работу без праходжання лячэння. Мужчыну запрашаюць у Дзятлава зарэгістравацца ў якасці афіцыйна беспрацоўнага, каб была магчымасць заклікаць яго на сезонныя работы. Беспрацоўнага папярэдзілі, што з гэтага часу ён будзе пад пільным кантролем мясцовай улады і ўчастковага інспектара міліцыі, і калі не выправіцца, хутчэй за ўсё трапіць у ЛПП.

Пяць гадоў засталося да пенсіі жыхару аграгарадка Дварэц. Раней ён працаваў на чыгунцы і жывёлаводам у гаспадарцы. Аднак, як сцвярджае, “выйшла непаразуменне”, і цяпер даводзіцца зарабляць на ягадах і грыбах. Жаданне працаваць у мужчыны ёсць, але яму таксама не перашкодзіла б прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Як някепскага працаўніка ў мінулым, мужчыну згодны ўзяць назад у КСУП. Ён адказвае на прапанову згодай.

Такім чынам, на пасяжэнне камісіі ў аграгарадку Дварэц прыйшлі 5 чалавек, адзін з якіх будзе працаўладкаваны ў КСУП “Дварэц-Агра” жывёлаводам, чацвёра – зарэгіструюцца ў якасці афіцыйна беспрацоўных, ім будзе аказана садзейнічанне ў далейшым працаўладкаванні.

Партрэт сярэднестатыстычнага мясцовага беспрацоўнага атрымаўся прыкладна такі: мужчына сярэдняга ўзросту, з базавай адукацыяй, які раней не быў жанаты, не мае дзяцей, злоўжывае спіртнымі напоямі, згодны працаваць на рабочых спецыяльнасцях.

Ірына СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *