Работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі правялі акцыю “Запішыся ў бібліятэку – выратуй дрэва”.
Для гэтага было выбрана шматлюднае месца — рынак. Каб прыцягнуць увагу дзятлаўчан, работнікі бібліятэкі раздавалі рэкламныя буклеты, цікавіліся, ці любяць яны чытаць, якім выданням аддаюць перавагу (электронным ці друкаваным), дзе бяруць кнігі для чытання (у бібліятэцы або набываюць у магазіне), ці ведаюць, колькі драўніны неабходна для вырабу адной кнігі.
Велізарная колькасць “лёгкіх Зямлі” высякаецца, каб задаволіць патрэбы чалавека. Для вырабу адной кнігі патрабуецца каля 5 кг драўніны. Статыстыка гаворыць аб 125 мільёнах дрэў, якія высякаюцца штогод для вытворчасці паперы.
Але чытаць друкаваныя кнігі неабходна і важна. Скараціць высечку лясоў даволі проста: неабходна стаць чытачом бібліятэкі замест таго, каб набываць кнігі “на адзін раз” у магазіне ці на кніжным кірмашы. Калі ўлічыць, што адну і тую ж кнігу з бібліятэчнага фонду (у цвёрдым пераплёце) могуць прачытаць да 50 чытачоў, то карысць для навакольнага асяроддзя відавочная.
Мы рады, што пасля правядзення акцыі ў бібліятэку прыйшло запісацца шмат жадаючых.
Алена ХРЫШЧАНОВІЧ,
бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай бібліятэкі