Самая папулярная – лёгкая атлетыка

Свежыя навіны Спорт і турызм

Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа штогод праводзіць набор дзяцей на розныя спартыўныя секцыі. Тут працуюць аддзяленні футбола, лёгкай атлетыкі, грэка-рымскай барацьбы і цяжкай атлетыкі. Самае папулярнае – аддзяленне лёгкай атлетыкі.

Па словах трэнера-выкладчыка Аляксандра Палуносіка, гэты від спорту даступны кожнаму і можа зацікавіць любога.  

– Лёгкая атлетыка адметная тым, што падыдзе і дзецям актыўным – тым, хто любіць шмат бегаць і скакаць,  і больш спакойным дзецям – тым, хто толькі пачынае развіваць свае фізічныя здольнасці.

У лёгкай атлетыцы ёсць з чаго выбіраць: скачкі ў вышыню і даўжыню, бег на сярэднія і доўгія дыстанцыі, спрынт, бег з перашкодамі, спартыўная хада, кідання і яшчэ шмат іншых камбінаваных відаў.

–  Аляксандр Вячаслававіч, у якім узросце лепш за ўсё пачынаць займацца лёгкаатлетычнымі дысцыплінамі і з якога ўзросту будзе праходзіць набор на гэтае аддзяленне ў спартыўную школу?

– Аптымальны ўзрост пачаць займацца лёгкай атлетыкай  – 7-8 гадоў, калі дзіця ўжо больш дысцыплінаванае і фізічна моцнае.

Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа ажыццяўляе набор школьнікаў на аддзяленне «Лёгкая атлетыка» ва ўзросце ад 8 гадоў (2 клас) і да выпускнога класа (уключна).

Дзе на Дзятлаўшчыне можна займацца ў секцыі па лёгкай атлетыцы?
– Секцыі па гэтым відзе спорту будуць працаваць на базе сярэдніх школ №1, заняткі праводзіць старшы трэнер-выкладчык Аляксандр Палуносік і на базе сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, заняткі праводзяць трэнеры-выкладчыкі Святлана Лагута і Аляксандр Кучынскі.  Заняткі па лёгкай атлетыцы будуць праводзіцца ў спартыўнай і трэнажорнай залах дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па вуліцы Чапаева,18 у Дзятлаве, у гарадскім басейне, а таксама на спартыўных пляцоўках гарадскіх школаў. На кожнай з трэніровачных базаў дастаткова неабходнага для заняткаў спартыўнага інвентару.

Акрамя гэтага, на базе сярэдняй школы №3 горада Дзятлава працуе спартыўны клас з профілем «лёгкая атлетыка», што для перспектыўных навучэнцаў дае магчымасць працягваць навучанне  ў сферы фізічнай культуры і спорту ў профільных установах адукацыі Гродзенскай вобласці. Профілем у гэтым класе была абрана менавіта лёгкая атлетыка як адзін з самых рознабаковых відаў спорту з разнастайнымі магчымасцямі.

Дзе пачынаючыя навучэнцы-выхаванцы спартыўнай школы могуць паспрабаваць свае сілы?

З 1 верасня стартавала  акцыя “Запішыся ў спартыўную школу”, якая будзе доўжыцца да 1 кастрычніка. У гэты перыяд трэнерскі састаў праводзіць тэматычныя гульнявыя мерапрыемствы, у ходзе якіх дзеці знаёмяцца з існуючымі дысцыплінамі, трэнерамі-выкладчыкамі, а таксама ў дзятвы ёсць магчымасць прыняць удзел у спартыўных баталіях, паспрабаваць свае здольнасці.

Акрамя гэтага, штогод на Дзятлаўшчыне праходзяць дзясяткі розных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. У іх бяруць удзел нават вучні першага году навучання. Кожны квартал праводзяцца ўнутрышкольныя спартакіяды.

Як дзецям і іх бацькам вызначыцца, якой лёгкаатлетычнай дысцыпліне аддаць перавагу?
– На наша аддзяленне праводзіцца агульны набор. На першапачатковым этапе, які доўжыцца два гады, дзеці набываюць агульныя рухальныя навыкі: плаваюць, займаюцца гімнастыкай, вучацца правільна выконваць спартыўныя практыкаванні. Праз два гады выхаванец спартыўнай школы разам з трэнерам выбірае больш вузкую спецыялізацыю ў залежнасці ад спартыўных здольнасцяў. Гэта могуць быць скачкі, бег на розныя дыстанцыі, штурханне снарадаў.

Калі можна запісацца на лёгкую атлетыку і што для гэтага патрэбна?
–  Галоўнае патрабаванне — каб не было супрацьпаказанняў да заняткаў спортам, а гэта асноўная група здароўя. 3 сабой мець спартыўную форму і зручны спартыўны абутак. Нагадаем, што заняткі ў спартыўнай школе бясплатныя для ўсіх. На працягу верасня, пакуль доўжыцца акцыя «Запішыся ў спартыўную школу», бацькі або законныя прадстаўнікі дзіцяці могуць напісаць заяву на залічэнне ў секцыю. Графік заняткаў для пачатковага этапу – тры разы на тыдзень па 1,5 гадзіны, для выхаванцаў другога і больш гадоў навучання заняткі будуць праходзіць таксама тры разы на тыдзень з працягласцю 135 хвілін.

Якія перспектывы ў будучых лёгкаатлетаў?

– Самыя лепшыя спартсмены-выхаванцы атрымліваюць права адстойваць гонар раёна на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Штогод навучэнцы, якія паказваюць выдатныя вынікі на абласных спаборніцтвах, маюць магчымасць павышаць сваё спартыўнае майстэрства ў вучылішчы алімпійскага рэзерву ў Гродне. На сёння навучэнцамі гэтай установы адукацыі з’яўляюцца выхаванцы Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы: Аляксандр Сямашка, кідальнік молата, які з’яўляўся прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў, Мікіта Дудкін – адзін з лепшых у скачках з шастом. Сёлета навучэнкай вучылішча алімпійскага рэзерву стала Варвара Кончык, якая выдатна праявіла сябе на абласных спаборніцтвах у спартыўнай хадзе.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *