Мы паспелі скарыстацца пагоднымі верснёўскімі днямі, калі слупок тэрмометра перасягаў адзнаку ў 20 градусаў.
Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і ўдзельнікі раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” у Год малой радзімы чарговы раз накіраваліся ў вандроўку да святыняў Беларусі. На гэты раз мы выбралі маршрут: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – магіла блажэннай Валянціны Мінскай – крыніцы з жывой і мёртвай вадой у Навагрудскім раёне.
Цёпла і гасцінна сустрэў нас Свята-Елісавецінскі манастыр. Ад адной з сёстраў, якая ў час наведвання стала для нас экскурсаводам па святыні, мы даведаліся, што заснаваны ён адносна нядаўна – у 1990-я гады, а названы ў гонар святой прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы Фёдараўны. На манастырскім падвор’і праходзяць рэабілітацыю людзі, якія хочуць пазбавіцца ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці, знаходзяць прытулак былыя асуджаныя, якія вызваліліся з турмы і не маюць даху над галавой.
Пасля экскурсіі сёстры запрасілі нас падмацаваць фізічныя сілы смачнай манастырскай ежай. Затым у нас быў час, каб падаць запіскі і памаліцца ў храме, набыць для блізкіх манастырскія сувеніры і пачастункі.
Затым мы накіраваліся пакланіцца магіле блажэннай Валянціны Мінскай. Мы папрасілі ў беларускай святой дапамогі ў вырашэнні паўсядзённых праблем, здароўя для сябе і блізкіх, сілаў і цярпення, каб змагацца з хваробамі, напісалі просьбы-запіскі аб дапамозе ў жыццёвых выпрабаваннях. Наглядчыкі магілы падарылі нам літаратуру аб жыцці Валянціны Мінскай і іконкі з яе выявай, пачаставалі асвячонымі салодкімі прысмакамі.
Па дарозе дахаты наша дружная кампанія наведала крыніцы з жывой і мёртвай вадой, каб назапасіць яе для сябе і блізкіх. Лічыцца, што мёртвая вада ачышчае арганізм, забівае бактэрыі і мікробы, а жывая яго рэгенерыруе.
Наша падарожжа скончылася, але засталося шмат светлых успамінаў і прыемных уражанняў. За садзейнічанне ў арганізацыі паездкі, экскурсіі па Свята-Елісавецінскім манастыры і трапезы мы ўдзячны абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ”, за цярпенне і камфорт у дарозе – вадзіцелю Пятру Малькоўскаму.
Алена КАЛЮЦІК,
загадчыца аддзялення “Праменьчык” ЦСАН Дзятлаўскага раёна