Давай, забівай!

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

“Прыгожа біць – і забіваць” – сёлетні трэнд аматараў футбола. Штогод усё большыя абароты ў спорце набірае маштабная ініцыятыва па развіцці дзявочага футбола, якая заклікана дапамагчы ў папулярызацыі масавай гульні сярод падрастаючага пакалення.

З 29 верасня на Дзятлаўшчыне пачынае ўкараняцца яркі маштабны спартыўны праект “Школьная ліга па футболе сярод дзяўчынак”. Яго ўдзельніцамі стануць юныя спартсменкі з 12 сельскіх і 3 гарадскіх установаў адукацыі раёна.

Асноўная мэта праекта – прыцягнуць як мага больш дзяцей да заняткаў футболам і знайсці яркія таленты.

– Першынствы па міні-футболе, – як адзначыла кіраўнік дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святлана Лагута, – будуць праводзіцца на спартыўных пляцоўках раённых установаў адукацыі ў рамках шостага школьнага дня.

Па словах старшага трэнера-выкладчыка па футболе Уладзіміра Ганчара, Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа актыўна  падтрымала ініцыятыву Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” і плануе задзейнічаць у працэсе рэалізацыі праекта  значную колькасць аматараў гульні і  ігракоў Дзятлаўшчыны.

Праект разлічаны на два з паловай месяца і  будзе сумесна рэалізаваны Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай, раённым фізкультурна-спартыўным клубам, аддзелам адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, Асацыяцыяй “Беларуская федэрацыя футбола”.

У рамках гэтага праекта  для юных спартсменак будуць арганізаваны майстар-класы па любімай гульні, трэніроўкі і, адпаведна, спаборніцтвы.

– Мы хочам прыцягнуць максімальную колькасць дзяцей да заняткаў спортам, – дзеліцца Уладзімір Ганчар. – Адметнасць гэтага праекта ў тым, што ён дае старт масаваму развіццю дзявочага футбола на тэрыторыі ўсёй краіны і робіць яго даступным для тысячаў падлеткаў. Дзякуючы  такому праекту і юныя футбалісткі Дзятлаўшчыны далучацца да вялікай гульні, атрымаюць дадатковыя магчымасці для развіцця спартыўных здольнасцяў і самарэалізацыі.

– У працэсе спаборніцтваў плануецца адбор таленавітых ігракоў?

– Спартыўны талент, безумоўна, – адна з самых папулярных тэмаў,  якая апошнім часам  шырока абмяркоўваецца на трэнерскіх форумах сярод вядучых спартсменаў, трэнераў-выкладчыкаў і прыцягвае да сябе сапраўдны жывы інтарэс. Аднак мы перакананыя, што будучыня футбола шмат у чым залежыць і ад якасці падрыхтоўкі спартыўных рэзерваў. Без масавага футбола мы не будзем мець магчымасці адбору.

Задача праекта – пошук спартыўных талентаў у футболе і адбор таленавітых ігракоў сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных школ, таксама плануем істотна павысіць узровень спецыяльных навыкаў футбаліста сярод школьніц у пэўнай узроставай групе.

– Чаму менавіта дзяўчынкі?

– Часта дзяўчынкі дэманструюць адносна  высокі ўзровень сілавой трываласці, маюць істотную  перавагу ў спрыце і прасторавай арыентацыі, адзначаюцца адметныя перспектывы ў развіцці тактыкі гульні.

– Па якіх крытэрыях будзе праходзіць адбор лепшых ігракоў?

– Ацэнка хуткаснай вынослівасці, скокавых і хуткасна-сілавых здольнасцей, дакладнасць перадачы, трапнасць і дасканаласць удару, каардынацыйныя здольнасці – асноўныя крытэрыі адбору ігракоў.

Складаныя псіхаматорныя рэакцыі – таксама ў полі зроку трэнераў. Высокая хуткасць такіх рэакцый адыгрывае адну з  асноўнуых роляў  ў фарміраванні  тэхніка-тактычнага майстэрства футбалістаў, з’яўляецца іх рашаючым кампанентам, здольнасць прадбачыць намер і дзеянні саперніка адыгрывае адметную ролю ў дасягненні спартыўнага майстэрства ў футболе, што, адпаведна, уплывае на выніковасць гульні.

Скіроўваем увагу чытачоў на тое, што стартуе праект на базе Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Першымі на спартыўнай пляцоўцы сустрэнуцца камандныя саставы ў складзе 10 футбалістак з сярэдніх школ №1 і №3, а таксама гімназіі №1 горада Дзятлава, спартсменкі Казлоўшчынскай, Наваельнянскай, Дварэцкай і Вензавецкай сярэдніх школ.

Да ўдзелу зарашаюцца актыўныя прыхільнікі спартыўных спаборніцтваў і аматары футбола.

У час правядзення фінальнага этапу праекта каманда-пераможца і каманды-ўдзельніцы спаборніцтваў па міні-футболе будуць узнагароджаны памятнымі кубкамі і медалямі, установы адукацыі, гонар якіх абараняюць футбольныя каманды, атрымаюць на памяць аб сустрэчах футбольныя мячы і іншы спартыўны інвентар.

Гэты праект фінансуецца Асацыяцыяй БФФ, аддзелам адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама і будзе рэалізаваны на працягу 2,5 месяца.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *