Часам чалавеку бывае складана адразу знайсці свой шлях у жыцці, у прафесіі. Спачатку лёс водзіць яго кружнымі дарогамі, ставіць перад складаным выбарам, пасылае выпрабаванні.
Але нейкая незвычайная сіла ўсё ж нарэшце прывядзе на тую сцежку, што яму вызначана, наканавана.
Так сталася з нашым земляком, мастаком з вёскі Гнаінскія, Юрыем Козелам, які ў жніўні адзначае сваё 50-годдзе.
Маляваць хлопец пачаў яшчэ ў раннім дзяцінстве. Каляровымі алоўкамі, акварэльнымі фарбамі. Хацелася паспрабаваць таму, што ў старэйшага на шэсць гадоў брата Івана гэта ўжо вельмі добра атрымлівалася. Калі Юра вучыўся ў СШ №2 горада Дзятлава, удзельнічаў у школьных мастацкіх выставах, яго работы пасылаліся на разнастайныя конкурсы. Тады і вырашыў вучыцца на мастака, паступіў у Бабруйскае мастацкае вучылішча на спецыяльнасць “Чаканшчык мастацкіх і ювелірных вырабаў”. Трохгадовая вучоба дала магчымасць не толькі набыць спецыяльнасць, але і зразумець, па якой сцяжынцы рухацца далей. На ўсё жыццё запомнілася праца над дыпломнай работай, якая была прысвечана Уладзіміру Высоцкаму. Працавалася з захапленнем, не проста здаваў чарговы экзамен – тварыў.
У вучылішчы талент хлопца заўважылі, запрашалі да ўдзелу ў выставах, творчых конкурсах. Пасля заканчэння быў накіраваны на працу ў мастацкія майстэрні раённага Дома культуры гарпасёлка Дзятлава. Праз некалькі месяцаў на два гады быў прызваны ў армію. І ўжо пасля службы Юрый канчаткова вырашыў вучыцца на мастака. Але адразу ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў не прайшоў, працаваў мастаком-афарміцелем на прадпрыемстве “Мінскдрэў”, паралельна займаўся ў мастацкай студыі ДК Мінскага трактарнага завода. Заняткі сталіся вельмі плённымі, падштурхнулі да пошуку новых магчымасцей, да пошуку сябе. Адным разам узяў ды і паехаў у Ленінград, каб атрымаць дадатковую практыку на падрыхтоўчых курсах пры Вышэйшым мастацка-прамысловым вучылішчы імя В.І. Мухінай.
І вось нарэшце ў 1992 годзе доўгачаканы “Эверэст” узяты: Юрый Козел паступае ў Беларускую акадэмію мастацтваў на аддзяленне станкавага жывапісу. Што адчуваў тады малады мастак? Напэўна, вялікае задавальненне і незвычайную акрыленасць: яго настаўнікамі будуць знакамітыя беларускія творцы Аляксей Марачкін, Віталь Герасімаў, Май Данцыг.
Гады вучобы праляцелі як адно імгненне. Колькі работ было створана, колькі бяссонных начэй перажыта? Так адбываецца станаўленне мастака Юрыя Козела – у муках і пастаянным імкненні да самаўдасканалення.
І сапраўдным шчасцем для нашага земляка стала сустрэча з Міхаілам Савіцкім. Два гады, з 1998 па 2000, ён праходзіў стажыроўку ў творчых акадэмічных майстэрнях Міністэрства культуры Беларусі пад кіраўніцтвам мэтра беларускага жывапісу Міхаіла Савіцкага. І цяпер, праз шмат гадоў, калі настаўніка ўжо не стала, Юрый успамінае той час з незвычайнай цеплынёй і ўдзячнасцю. Менавіта тады наш зямляк стаў сапраўдным прафесіяналам, вызначыў сваю сцяжынку ў мастацтве. Ён лічыць сябе мастаком-рэалістам і, напэўна, мае рацыю. Яго палотны захапляюць натуральнасцю фарбаў і вобразаў, незвычайнай прыбліжанасцю да натуры, пранікненнем у нейкую глыбінную таямніцу існасці прадмета, чалавека, прыроды.
Юрый Козел працуе ў жанрах партрэта, кампазіцыі, нацюрморта, пейзажа. Любіць маляваць прыроду малой радзімы, на першы погляд нязначныя мясцінкі і прадметы, якія нагадваюць пра страчанае дзяцінства, нешта дарагое і шчымліва-мілае, што ніколі ўжо не вернецца наяве, але будзе жыць на палатне і навяваць светлыя і добрыя пачуцці.
Як прызнаецца Юрый Мікалаевіч, для мастака важна не проста маляваць, але і выстаўляцца, дэманстраваць свае работы людзям, пастаянна параўноўваць свае дасягненні з дасягненнямі калег. Таму, напэўна, у яго творчай біяграфіі шмат персанальных, рэспубліканскіх і рэгіянальных выстаў. Усе і пералічыць цяжка. А ў ліпені гэтага года ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі па вуліцы Казлова ў Мінску працавала персанальная юбілейная выстава Юрыя Мікалаевіча, арганізаваная Саюзам беларускіх мастакоў.
Творы Юрыя сёння знаходзяцца ў фондах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Доме-музеі А. Міцкевіча ў Навагрудку, Дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі, Мядзельскім і Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчых музеях, прыватных зборах Беларусі і за мяжой.
А напрыканцы хочацца сказаць некалькі слоў пра ўражанне ад Юрыя Козела як чалавека. Незвычайная сціпласць заўважаецца ў вачах, у твары, ва ўсёй постаці мастака. Такі не пойдзе па галовах, не будзе зубамі вырываць сваё месца пад сонцам. Будзе проста тварыць, аддана служыць свайму прызначэнню. А што атрымаецца, хай ацэняць людзі і час. Ім лепш відаць.
Пажадаем Юрыю творчага плёну і святла ў душы. Землякі помняць яго і любяць. І няхай дэвізам далейшай творчасці стануць словы Фрыдрыха Шылера: “Калі, захапляючыся карцінай, мы забываем пра мастака, гэта для яго самая вытанчаная пахвала”.
Алена АБРАМЧЫК,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея