За шырокімі плячыма пажарнага

Галоўныя тэмы Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Шырокія мужчынскія плечы не проста візуальна «гавораць» аб фізічнай сіле, але і могуць быць знакам таго, што за імі, за гэтымі плячыма, хаваюцца адвага, высакароднасць, самаадданасць і смеласць.

Адкуль бяруцца такія якасці ў чалавека? Магчыма, добрае выхаванне. Быць можа, уласная праца над сабой. Нават можа паўплываць жыццёвы вопыт. Так ці інакш, наўрад ці няўпэўнены ў сабе чалавек пачне служыць у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.

– Якія ў вас ёсць страхі? – пытаюся ў пажарнага Дзятлаўскага РАНС Дзяніса Русіна.

Задуменны твар суразмоўцы дазволіў зразумець, што пытанне аказалася складаным. Значыць, страхаў у маладога мужчыны няма. Хіба такое бывае?

– Калі выязджаю на пажар, баюся, каб людзі не загінулі, – прызнаўся Дзяніс. Усё ж такі ён не робат, жывы чалавек, з пачуццямі і эмоцыямі. Галоўнае –умець устойліва трымацца, паспяваць «патушыць» сябе, перш чым тушыць пажары.

Быць заўсёды стрыманым Дзянісу Русіну ўдаецца ўжо 8 гадоў службы, бо праца дае шмат магчымасцяў выпрабаваць сябе і свой характар. А жыццё спрабавала весці маладога мужчыну іншымі шляхамі. Адзін з іх – спартыўная кар’ера. Як варыянт, Дзяніс мог выкладаць фізкультуру, паколькі пасля заканчэння школы паступіў на факультэт фізічнай культуры.

– Там я адвучыўся год, а потым вырашыў, што трэба працаваць, – расказвае пажарны. Ён імкнуўся да самастойнасці і адчуваў, што зацікаўлены ў прафесіі іншага накірунку: таго, дзе шмат рызыкі, спрыту і нават адказнасці. Так трапіў зусім юны, але не па гадах сур’ёзны Дзяніс Васільевіч у Дзятлаўскі РАНС. Спорт, вядома, нікуды не знік з яго жыцця, проста набыў больш важнае значэнне, бо пажарны абавязаны быць у выдатнай фізічнай форме. І справа зусім не ў прыгажосці і эстэтыцы.

Спрабаваў Дзяніс сябе і ў юрыдычнай сферы, скончыў юрыдычны факультэт. Але хіба з сабой паспрачаешся? Усё роўна нешта невядомай сілай цягнула да прафесіі, дзе трэба праяўляць шмат мужнасці і адвагі.

Важна і тое, што блізкія людзі – бацькі, сябры – падтрымлівалі маладога пажарнага ў выбары яго справы. І ён не падвёў: на працы спраўляецца з усім на «ўра», ды яшчэ і паспявае ўдзельнічаць у спаборніцтвах па валейболе за зборную каманду МНС Гродзенскай вобласці.

– Мы 4 гады запар займаем 1-е месца, – са сціпласцю гаворыць Дзяніс Русін. Ён не задзірае нос ад сваіх дасягненняў, а проста папаўняе калекцыю заслужаных грамат і медалёў.

Магчыма, адным з рэцэптаў поспеху можна назваць любоў да сваёй справы. Калі яна выконваецца ад душы, то абуджаецца асаблівы азарт, адольвае жаданне не ісці, а бегчы наперад. А хуткасць, між іншым, для пажарнага таксама вельмі патрэбная.

– Пры пажары трэба дзейнічаць аператыўна, а яшчэ не забываць пра тэхніку бяспекі, быць увесь час напагатове. Ратаваць пацярпелых – абавязкова, але і аб калегах памятаць важна, мы ж як адна сям’я, – дзеліцца малады пажарны. – Я, дарэчы, яшчэ і дыспетчараў падмяняю. Гэта вучыць мець зносіны з людзьмі, бо паступаюць розныя званкі, і тут не атрымаецца працаваць па схеме. Да кожнага чалавека трэба ўмець знаходзіць падыход, асабліва калі людзі тэлефануюць у паніцы.

Атрымліваецца, што за шырокімі плячыма пажарнага хаваецца і маральная сіла. Дзяніс Русін ведае, што асабістая дысцыпліна, устойлівая псіхіка і хуткая рэакцыя – надзейныя памочнікі для таго, каб адчуваць сябе на сваім месцы, выконваць свой прафесійны абавязак з гонарам, радавацца чарговым перамогам над агнём і разумець, наколькі важна своечасова прыняць на сябе чужую бяду.

Юлія БАКУНОВІЧ



1 комментарий по теме “За шырокімі плячыма пажарнага

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *