У Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці 29 жніўня сабраліся педагогі раёна, каб падвесці вынікі мінулага навучальнага года і акрэсліць новыя задачы.
Жнівеньская канферэнцыя – адмысловая педагагічная традыцыя, якая штогод выконваецца на Дзятлаўшчыне. Гэта час новага вітка ў жыцці адукацыі.
Як дасягаюцца творчыя поспехі і напрацоўкі, нараджаюцца адукацыйныя праекты? На гэтыя пытанні адказалі самі настаўнікі. У сваіх справаздачах яны закранулі аспекты развіцця пазнаваўчай і творчай дзейнасці навучэнцаў, узаемадзеяння сям’і і ўстановаў адукацыі, сацыяльнага партнёрства як сістэмаўтваральнага кампанента адукацыйнай прасторы.
Адной з першых расказала пра адукацыйныя метады ў адносінах да дзяцей дашкольнага ўзросту і дасягненні ў гэтым накірунку метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук. Яна зрабіла акцэнт на тым, як важна вучыць дзяцей беларускай мове, падняла пытанні наконт падмацавання ведаў і навыкаў беларускамоўнага маўлення ў сям’і.
Педагогі Дзятлаўшчыны не толькі эфектыўна выкарыстоўваюць у працы існуючыя, але і ствараюць уласныя электронныя адукацыйныя рэсурсы. На канферэнцыі свае распрацоўкі прадэманстравалі настаўнікі сярэдняй школы №1 горада Дзятлава Іна Дзедава і Юлія Данільчык, дапамагалі ў гэтым іх вучні.
У класнага кіраўніка важная роля ў навучанні дзяцей правільным паводзінам у інфармацыйным асяроддзі. Класны кіраўнік сярэдняй школы №1 горада Дзятлава Вольга Старыкава стварыла лепшую, па версіі абласнога педагагічнага марафона, інтэрнэт-платформу класнага калектыву. Разам з вучнямі на жнівеньскай канферэнцыі яна паказала сцэнічны нумар-прэзентацыю пра сваё новаўвядзенне.
Пра перспектывы ў рабоце па сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамозе непаўналетнім, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, расказала педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч.
Дзятлаўская зямля багатая педагогамі, якія сваёй працай і ведамі даказваюць важную місію адукацыі, культуры і творчага пошуку. Ганна Урбановіч, настаўніца матэматыкі ў гімназіі №1 горада Дзятлава, раскрыла сакрэт свайго поспеху ў педагагічнай дзейнасці. Акрамя таго, што яна дапамагае вучням займаць прызавыя месцы на алімпіядах і навуковых канферэнцыях розных маштабаў, Ганна Станіславаўна сама з’яўляецца ўладальніцай мноства ўзнагародаў.
Па традыцыі, на педагагічнай канферэнцыі прайшло знаёмства з маладымі спецыялістамі, якія папоўнілі настаўніцкія шэрагі Дзятлаўшчыны. Сёлета ў наш раён прыехалі працаваць 14 маладых педагогаў. Словы падтрымкі выказала ім Марына Нячай, былы малады спецыяліст. Праз два гады адпрацоўкі яна засталася працягваць сваю дзейнасць на малой радзіме, таго ж пажадала і пачынаючым настаўнікам.
Вопытам работы па стварэнні ўмоваў для развіцця сацыяльна-актыўнай асобы дзіцяці падзялілася намеснік дырэктара Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Таццяна Мармыш.
Вынікі мінулага навучальнага года, задачы на будучы год у сваім дакладзе агучыла начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус.
Урачыстым момантам мерапрыемства стала ўзнагароджанне лепшых работнікаў сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны. Узнагароды ім уручалі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Святлана Кавалеўская і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус.
Завяршылася раённая педагагічная нарада святочным канцэртам.
Юлія БАКУНОВІЧ
Успехов в новом учебном году педагогам, ученикам и родителям!
Рейтинг комментария:00