Філіял “Слонімскае ўпраўленне магістральных газаправодаў” ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” (далей –філіял “Слонімскае УМГ”) эксплуатуе магістральныя газаправоды і газаправоды-адводы, якія праходзяць па 13 раёнах Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, з рабочым ціскам 5,4 МПа і 8,3 МПа.
На мясцовасці траса магістральнага газаправода пазначана жоўтымі апазнавальнымі слупамі з інфармацыйнымі таблічкамі вышынёй 1,5-2 метра ад паверхні зямлі. Апазнавальныя слупы ўстаноўлены на восі трубаправода ў межах бачнасці, на вуглах паваротаў газаправода, а таксама ў месцах перасячэння з аўтамабільнымі дарогамі і чыгункай, з іншымі надземнымі і падземнымі камунікацыямі.
Матэрыялы, якія змяшчаюць даныя аб фактычным становішчы газаправода і кабеляў тэхналагічнай сувязі (выканаўчая здымка), прывязка зонаў мінімальных адлегласцяў, камунікацый і аб’ектаў,якія ўваходзяць у іх склад, нанесены на раённыя карты землекарыстання. Філіял “Слонімскае УМГ” прадастаўляе звесткі аб месцазнаходжанні газаправодаў і кабеляў тэхналагічнай сувязі зацікаўленым прадпрыемствам, арганізацыям і ўстановам па іх просьбах.
Механічныя пашкоджанні газаправода высокага ціску суправаджаюцца моцнымі выбухамі і пажарамі і прыводзяць да працяглага спынення падачы газу!
Для забеспячэння бяспечных умоваў эксплуатацыі газаправодаў Правіламі аховы магістральных трубаправодаў (пастанова Савета Міністраў РБ № 584 ад 11.04.1998 г.) устаноўлены ахоўныя зоны ў выглядзе ўчастка зямлі, абмежаванага ўмоўнымі лініямі, якія праходзяць за 50 метраў ад восі трубаправода з кожнага боку.
Да ўвагі кіраўнікоў сельскіх гаспадарак, лясгасаў, лясніцтваў, прадпрыемстваў, арганізацый, установаў і насельніцтва!
— Любыя работы і дзеянні, якія праводзяцца ў ахоўнай зоне магістральнага газаправода, акрамя сельскагаспадарчых работ, выконваюцца толькі пры наяўнасці пісьмовага дазволу філіяла “Слонімскае ўпраўленне магістральных газаправодаў”.
— Палявыя сельскагаспадарчыя работы ў ахоўнай зоне магістральнага газаправода праводзяцца землеўладальнікамі і землекарыстальнікамі з папярэднім паведамленнем філіялу “Слонімскае УМГ” аб іх пачатку.
Работнікі філіяла “Слонімскае УМГ” ажыццяўляюць рэгулярны кантроль стану ахоўнай зоны. Двойчы ў год філіял “Слонімскае УМГ”інфармуе землекарыстальнікаў і арганізацыі аб мерах бяспекі і парадку выканання работ у ахоўных зонах газаправода.
Органы выканаўчай улады і службовыя асобы, грамадзяне, вінаватыя ва ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў без захавання бяспечных адлегласцяў да аб’ектаў сістэмаў газазабеспячэння (СНіП 2.05.06-85) або ў іх наўмысным блакіраванні або пашкоджанні, іншых незаконных дзеяннях, якія парушаюць бесперабойную і бяспечную работу аб’ектаў сістэмаў газазабеспячэння, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У выпадку выяўлення пашкоджання трубаправода, запорнай арматуры, апазнавальных слупоў, несанкцыянаваных работ у ахоўнай зоне, уцечкі газу неабходна неадкладна паведаміць аб гэтым у філіял “Слонімскае УМГ” па тэлефонах: 8 (01562) 4-79-87, 4-79-80; мабільны тэлефон 8 (029) 352-54-06 і па магчымасці прыняць меры па забеспячэнні аховы аварыйнага ўчастка для папярэджання доступу ў ахоўную зону людзей і транспартных сродкаў.
Для атрымання пісьмовага дазволу на правядзенне работ у ахоўнай зоне газаправода, узгадненне будаўніцтва, атрыманне звестак аб месцазнаходжанні газаправода неабходна звяртацца ў філіял “Слонімскае УМГ” па адрасе: 231800, Гродзенская вобласць, горад Слонім, Гродзенская шаша. Тэлефоны: 8 (01562) 7-22-04, 7-23-04; 8 (029) 685-65-07, 335-44-27.
Адміністрацыя філіяла “Слонімскае УМГ”