Яшчэ адным перадавіком сёлетняга жніва стаў вадзіцель КСУП “Русь-Агра” Арцём Бандарэнка, які перавёз 1016 тон зерня.
Уборачная кампанія ў раёне выйшла на фінішную прамую. Хуткімі тэмпамі растуць намалоты, а разам з імі – уласныя дасягненні камбайнераў, якія шчыруюць на залатых хлебных нівах, і вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа. Яшчэ адным лідарам працоўнага спаборніцтва і перадавіком сёлетняга жніва стаў вадзіцель КСУП “Русь-Агра” Арцём Бандарэнка, які перавёз 1016 тон зерня.
Словы віншаванняў і добрыя пажаданні маладому вадзіцелю-тысячніку выказалі старшыня РК прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, кіраўнік КСУП “Русь-Агра” Сяргей Лупач, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Вадзім Царык і юрысконсульт КСУП “Русь-Агра” Лізавета Фіберг. Яны пажадалі маладому вадзіцелю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, новых дасягненняў і перамог.
Арцём Бандарэнка працуе вадзіцелем у КСУП “Русь-Агра” трэці год. Перадавіком жніва стаў упершыню.
– Спадзяюся, не апошні, – усміхаецца Арцём.
Ён упэўнены, што праца на зямлі – справа адказная, але разам з тым цікавая. Кожны дзень прыносіць новыя выпрабаванні, разнастайныя заданні, таму сумаваць не прыходзіцца.
“Толькі наперад” – з такімі словамі кожную працоўную раніцу садзіцца за руль МАЗа-551605 малады вадзіцель, з гэтымі ж словамі, як з дэвізам, крочыць па жыцці. Таму і справа спорыцца, і дасягненні радуюць.
У самы адказны аграрны перыяд Арцём Бандарэнка адвозіць зерне ад камбайнаў, паралельна займаецца нарыхтоўкай кармоў.
Кіраўнік КСУП “Русь-Агра” Сяргей Лупач адзначае адметныя рысы характару маладога і перспектыўнага вадзіцеля, характарызуе яго як станоўчага і адказнага працаўніка, хуткага “на пад’ём”. Арцёма Бандарэнку калегі па працы лічаць працаздольным, добразычлівым, які імкнецца не проста адпрацаваць адведзены час, а зрабіць гэта з поўнай аддачай.
За дасягненне высокіх паказчыкаў, за прафесійнае майстэрства і якаснае выкарыстанне тэхнікі на ўборцы ўраджаю, за самаадданасць справе Уладзімір Казак уручыў перадавіку жніва Арцёму Бандарэнку Падзячны ліст, грашовую прэмію, а таксама традыцыйныя падарункі са жніўнай сімволікай. Каштоўны падарунак і словы ўдзячнасці прымаў Арцём Бандарэнка і ад кіраўніцтва сельгасарганізацыі, у якой працуе.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота аўтара
За 1000 тонн графин со стаканами! Круто!!!!!! Не позорились бы позировать на фоне таких призов передовикам!
Рейтинг комментария:00
Так держать! Новых побед!
Рейтинг комментария:00