Адмашка нябеснай канцылярыі – і камбайны масава выходзяць на палеткі. На некалькі гадзін скончыўся дождж – і гаспадаркі раёна поўнай хадою працягваюць убіраць рапс.
На палетках КСУП “Русь-Агра” ва ўрочышчы Панюшкі побач з вёскай Яцвезь працуюць тры адінкі зернеўборачнай тэхнікі. На камбайнах маркі КЗС-1218 працуюць – Міхаіл Кармільчык, Андрэй Калодка, Ігар Варэйка і Дзмітрый Славіцкі, на камбайне “LEXION-580” – экіпаж Руслана Міклаша і Леаніда Лукоткіна.
Па словах загадчыка ўчастка КСУП “Русь-Агра” Юрыя Лабарэвіча, усяго ў гаспадарцы давядзецца ўбраць 300 га рапсу. На сёння сабрана 73 тоны алейнай культуры з тэрыторыі 66 га. З кожнага гектара збіраюць у сярэднім па 15 цэнтнераў масланасення. Пасля азімага рапсу прыступяць да ўборкі трыцікале.
На транспарціроўцы рапсу заняты тры адзінкі тэхнікі. За рулём ГАЗ-53 працуюць вадзіцелі Уладзімір Ціхан, Вячаслаў Малаед, Мечаслаў Рэйба. Пры спрыяльных умовах надвор’я канвеер працуе бесперапынна. Аператары апрацоўваюць дастаўлены ўраджай на зернесушыльным комплексе СЗК-10 у вёсцы Пенчыцы. На тэхніцы пажарнага прыкрыцця маркі МЖТ-6 кантроль ажыццяўляе Уладзімір Грыб, у абавязкі якога ўваходзіць забеспячэнне супрацьпажарнай бяспекі ў час жніва. Усе камбайны абсталяваны кандыцыянерамі, укамплектаваны медыцынскімі аптэчкамі, сродкамі тушэння пажару.
– Дажджы, якія нядаўна прайшлі, палепшылі сітуацыю на палетках: “павесялелі”, як кажуць аграномы, цукровыя буракі, кукуруза, бульба, цяпер яны будуць набіраць вагу. Станоўча сказаліся дажджы і на росце травы. Але доўгачаканая вільгаць апошніх дзён наўрад ці станоўча адаб’ецца на паляпшэнні ўраджайнасці зерневых.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ