Вяселле за мяжой – не ўсё так проста

Грамадства Свежыя навіны

Што варта ведаць, плануючы вяселле па-за межамі Беларусі.

Многія мараць аб вяселлі за мяжой: на беразе акіяна ў экзатычнай краіне або ў старажытным еўрапейскім замку, а некаторыя ўжо здолелі гэта ажыццявіць. У наш час не праблема зарэгістраваць шлюб у любым кутку свету, а вось з афармленнем афіцыйных дакументаў усё намнога скаладаней. На Дзятлаўшчыне падобных рэгістрацый не вельмі шмат, аднак з кожным годам іх колькасць расце. Пра асаблівасці замежных шлюбаў расказвае начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Бародзіч.

– Вольга Вацлаваўна, ці прызнае Кодэкс Рэспублікі Беларусь “Аб шлюбе і сям’і” шлюбы, заключаныя паміж беларусамі за мяжой?

– Прызнае ў тых выпадках, калі шлюбы паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь заключаюцца з захаваннем формы шлюбу, устаноўленай законам месца яго заключэння, пры ўмове, што гэта не супярэчыць патрабаванням артыкулаў 17-19 Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб шлюбе і сям’і”. Напрыклад, важна ведаць, што на тэрыторыі некаторых дзяржаў мае сілу царкоўны шлюб, а ў некаторых краінах наогул адзіная магчымая форма шлюбу – рэлігійная. На тэрыторыі Беларусі такія шлюбы будуць прызнаны несапраўднымі, бо ў нас абавязковай з’яўляецца працэдура дзяржаўнай рэгістрацыі. І наадварот, калі зарэгістраваць шлюб па правілах нашай краіны, то ў такіх дзяржавах людзі павінны прайсці рэлігійную працэдуру, каб і там іх шлюб быў прызнаны сапраўдным. Гэта значыць, яны павінны захаваць форму, якую патрабуе тая дзяржава, дзе яны хочуць, умоўна кажучы, пацвердзіць свой шлюб. У кожным канкрэтным выпадку гэта будуць пэўныя патрабаванні, на якія варта звяртаць увагу.

– Але ж арганізацыяй вяселля можа займацца і турыстычнае агенцтва – гэта стала модным накірункам развіцця замежнага турызму. Значыць, турагенцтва і павінна ўзяць на сябе клопаты па афармленні дакументаў?

–  Каб пасведчанне аб шлюбе было сапраўдным на тэрыторыі Беларусі, яно павінна быць легалізавана ў краіне, дзе яго выдалі, і перакладзена на рускую або беларускую мову. Пераклад гэтага дакумента таксама павінен быць засведчаны натарыяльна. Варыянтаў легалізацыі можа быць два: апосціль ці консульская легалізацыя.

– Што такое апосціль?

– Штамп апосціль абазначае спрошчаную працэдуру легалізацыі іншаземных афіцыйных дакументаў. Дакумент, на якім прастаўлены апосціль, можа быць выкарыстаны ў любой з краін-удзельніц Гаагскай канвенцыі. У спіс такіх краін уваходзяць больш за 90 дзяржаваў, у тым ліку і Беларусь. Гаагская канвенцыя выкарыстоўваецца ў краінах, якія 5 кастрычніка 1961 года ў Гаазе падпісалі Канвенцыю (поўная назва – Канвенцыя, якая адмяняе патрабаванні легалізацыі іншаземных афіцыйных дакументаў). Апосціль сведчыць подпіс і статус іншаземнай асобы, якая падпісала дакумент, а таксама сапраўднасць пячаці ці штампа на дакуменце.

– Аказваецца, не ўсё так проста. Якія яшчэ могуць быць праблемы?

– Ёсць нямала нюансаў, якія могуць перашкодзіць далейшым планам маладой пары. Зыходзячы з практыкі, магу сказаць, што ў далейшым такія пары павінны пастарацца не губляць пасведчанне аб шлюбе, бо для яго аднаўлення спатрэбіцца атрымаць паўторны дакумент з іншай краіны, а гэта суправаджаецца затратамі часу і грошай. Калі няма дагавора Рэспублікі Беларусь з краінай, якая выдала гэты дакумент, то давядзецца самім паўторна туды наведацца. Але гэта паўбяды. У далейшым маладажоны таксама могуць сутыкнуцца з некаторымі цяжкасцямі, звязанымі з ажыццяўленнем (пры неабходнасці) такіх адміністрацыйных працэдураў, як унясенне змяненняў, выпраўленняў, дапаўненняў у запіс акта аб заключэнні шлюбу, з выдачай на падставе запісу акта даведак і іншых дакументаў. Атрымаць даведку, якая змяшчае звесткі з запісу акта аб заключэнні шлюбу, што пацвярджае ўступленне мужа і жонкі ў першы шлюб для пастаноўкі іх на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, будзе практычна немагчыма, бо амаль ва ўсіх краінах, акрамя Беларусі, у дакументах аб шлюбе такія звесткі не прадугледжаны.

Таксама ў многіх краінах адсутнічае норма права, якая дазваляе маладым пры заключэнні шлюбу па сваім жаданні выбраць прозвішча ці мужа, ці жонкі ў якасці іх агульнага прозвішча.

Таму пасля рэгістрацыі шлюбу ў адной з краін дальняга замежжа жонка часцей за ўсё звяртаецца ў ЗАГС Рэспублікі Беларусь для ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры – рэгістрацыі змены прозвішча ў сувязі з жаданнем насіць агульнае з мужам прозвішча. Гэта працэдура платная.

– Скажыце, а ў пашпартах маладажонаў будзе прастаўлены штамп аб рэгістрацыі шлюбу ў той ці іншай краіне?

– У выпадку рэгістрацыі шлюбу за межамі Беларусі адзнаку ў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь уносіць аддзел ЗАГС па месцы жыхарства гэтага грамадзяніна пры прадастаўленні ім дакумента, выдадзенага кампетэнтным органам замежнай дзяржавы для пацвярджэння акта аб заключэнні шлюбу.

Паважаныя жаніхі і нявесты, калі жадаеце зарэгістраваць шлюб у 2018 годзе, аддзел ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама запрашае вас правесці рэгістрацыю ва ўрачыстай абстаноўцы, напоўненай каларытам традыцый, звычаяў і абрадаў беларускага народа. Вы і вашы госці зможаце адчуць нацыянальныя карані і прыгажосць старажытнейшых элементаў беларускай культуры. А па тэлефоне 2-14-79 можна папярэдне ўзгадніць месца і запісацца на правядзенне выязной рэгістрацыі шлюбу.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *