У некаторых сельгасарганізацыях раёна ўжо прыступілі да новага сельскагаспадарчага перыяду – збору ўраджаю. Рознакалоссе зерневых збірае апошнія сонечныя промні і чакае таго часу, калі камбайнеры выйдуць у поле.
Першы на чарзе – збор рапсу. На пачатку другога ліпеньскага тыдня мы пабывалі на палетках ААТ “Граніт-Агра”, дзе ўжо трэці дзень запар ішла работа па абмалоце алейнай культуры. Вырошчванню рапсу ў гэтай сельгасарганізацыі аграрыі надаюць вялікае значэнне.
– Сёлета алейнымі раслінамі засеяна 400 гектараў. Плошча пад рапс у параўнанні з мінулым годам не павялічылася, – расказвае аграном-аграхімік ААТ “Граніт-Агра” Алена Піваварчык. – На 7 ліпеня намаганнямі камбайнераў абмалочана 491 тона рапсу. Ураджайнасць складае 35 цэнтнераў з гектара. На першыя дні жніва насенне рапсу сабрана са 140 гектараў.
На момант сустрэчы 9 ліпеня на палетках ва ўрочышчы “Арэшнікі” працавалі чатыры экіпажы па абмалоце рапсу. Усяго на ўборцы рапсу ў гаспадарцы задзейнічаны шэсць экіпажаў камбайнераў і шэсць адзінак уборачнай тэхнікі.
– Лідарамі па намалоце рапсу за гэты невялікі перыяд стаў экіпаж камбайнераў двух пакаленняў – Уладзіміра Гукіша і яго сына Андрэя. З першых дзён плённай працы яны намалацілі амаль 137 тон рапсу, – расказвае намеснік па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Кацярына – Амаль 116 тон рапу абмалаціў экіпаж Уладзіміра і Івана Чарняўскіх.
– З эканамічных пазіцый рапс – вельмі выгадная расліна, – адзначае галоўны аграном Антон Тарасевіч. – Рэнтабельнасць вырошчвання гэтай культуры ў добрых умовах вельмі высокая. Але ўражайнасць алейнай культуры сёлета не апраўдвае надзей у поўнай меры – адмоўна сказаўся спякотны, сухі чэрвеньскі перыяд.
Беражліва сабраць ураджай рапсу дапамагаюць сучасныя камбайны “ЛЕКСІОН–580”, “ДЖОН ДЗІР–9640”, “КЗС–1218” са спецыяльнымі прыстасаваннямі, так званымі “рапсавымі сталамі”.
– Уся неабходная тэхніка падрыхтавана загадзя і знаходзіцца ў спраўным стане, – тлумачыць Антон Тарасевіч. –Камбайны абсталяваны кандыцыянерамі, укамплектаваны медыцынскімі аптэчкамі, сродкамі тушэння пажару. На адвозцы рапсу працуюць два МАЗы з прычэпамі. Для сушкі насення працуюць два збожжасушыльныя комплексы КЗСВ-30Г у Круцілавічах і КЗСВ-30Н у Таркачах. Калектыў работнікаў “Граніт-Агра” настроены аптымістычна і разлічвае хутка скончыць абмалот рапсу. Безумоўна, усё будзе залежаць ад умоваў надвор’я.
АксанаАНДАЛЮКЕВІЧ