Вышыванка ў беларусаў лічыцца сімвалам здароўя, прыгажосці, шчасця, памяці рода, любові. 2 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень вышыванкі, а ў нашым раёне яшчэ адно значнае свята – 520-годдзе горада Дзятлава, 3 ліпеня наша краіна святкуе Дзень Незалежнасці — адным словам, нагодаў для віншаванняў і падарункаў больш чым дастаткова.
Напярэдадні святаў Дзятлаўская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” падтрымала традыцыйную акцыю “Падары вышыванку сябру”. Старшыня арганізацыі Алена Жадзейка і яе намеснік Таццяна Нікіпорчык накіраваліся ў Дзіцячы дом сямейнага тыпу Шэлегаў, што ў райцэнтры.
Шматдзетныя прыёмныя бацькі Марына і Аляксандр Шэлегі цёпла сустрэлі гасцей. Яны расказалі, што хлопчыкі – дванаццацігадовы Вова, адзінаццацігадовы Кірыл, васьмігадовы Арцём, шасцігадовыя Данік, Паша і Сёма – знаходзяцца на адпачынку, дома засталася толькі трохгадовая Улада. Менавіта яна і стала галоўнай атрымальніцай падарункаў.
Алена Жадзейка павіншавала сям’ю Шэлегаў з надыходзячымі святамі, пажадала моцнага здароўя, ладу і дабрабыту, Божай дапамогі, каб дзеці кожны дзень радавалі добрымі ўчынкамі, каб адносіны былі шчырымі і цёплымі.
Дадаць яшчэ крыху цеплыні ў гэту вялікую дружную сям’ю Алена Жадзейка і Таццяна Нікіпорчык вырашылі з дапамогай падарункаў ад жансавета. Сям’і ўручылі прыгожы вышываны ручнік і кубкі з выявамі славутасцяў горада Дзятлава – гістарычнага цэнтра і палаца Радзівілаў. Усё гэта прыйдзецца дарэчы за сямейнымі чаяпіццямі і пастаянна будзе нагадваць дзецям і дарослым, у якім прыгожым і ўтульным горадзе яны жывуць, якая самабытная наша Беларусь.
Варта зазначыць, што мерапрыемствы да Дня вышыванкі, юбілея горада і Дня Незалежнасці прадоўжацца. Вышыванку і сімвалы нашай краіны дзятлаўчане і госці раёна ўбачаць яшчэ не раз на адзенні людзей у дні святаў, на конкурсе малюнкаў, на святочных пляцоўках.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Читайте также:
Раённы турысцкі злёт для працоўнай моладзі. Гарады (частка 1)
Раённы турысцкі злёт для працоўнай моладзі. Валейбол (Частка1)
Спартакіяда сабрала каманды летнікаў
Моё огромное уважение приёмной семье. Святое дело делают.
Рейтинг комментария:00
Да, не каждому это по силам
Рейтинг комментария:00