Асноўныя складнікі здароўя шчытападобнай залозы

Падзеі

Нядаўна доктар-эндакрынолаг Дзятлаўскай ЦРБ Інэса Гусева правяла «Прамую тэлефонную лінію» і пракансультавала ўсіх, хто цікавіўся здароўем шчытападобнай залозы, дала адказы на наступныя пытанні.

Як можна  западозрыць парушэнне функцый шчытавідкі?

– Гармоны шчытападобнай залозы падтрымліваюць асноўны энергетычны абмен арганізма. Пры павышанай або зніжанай функцыі шчытападобнай залозы назіраюцца змяненні агульнага стану чалавека. Напрыклад, пры зніжанай функцыі могуць быць слабасць, рэзкая прыбаўка ў масе цела, ацёчнасць, пагаршэнне памяці, сухасць скуры, зніжэнне артэрыяльнага ціску.

Ці можна для прафілактыкі захворванняў шчытападобнай залозы піць мінеральную ваду, у якой прысутнічае ёд?

– Мінеральную ваду піць карысна пры многіх захворваннях. Існуюць воды з ёдам, але невядома, якая там колькасць гэтага элемента, таму лепш іх не ўжываць.

Ці лічыцца павелічэнне шчытавідкі небяспечным?

– Павелічэнне шчытападобнай залозы – паталагічны працэс парушэння выпрацоўкі гармонаў. Калі не прымаць ніякіх мераў для лячэння, магчыма ўпадзенне чалавека ў каматозны стан, і нават смяротны зыход.

Таксама павелічэнне залозы можа быць небяспечнае ў перыяд цяжарнасці, таму што дэфіцыт або лішак гармонаў негатыўна ўплывае на будучую маці і яе дзіця.

Якая прафілактыка захворванняў шчытападобнай залозы?

– Ужыванне ёдаванай паваранай солі і харчовых дабавак, якія ўтрымліваюць ёд, з’яўляецца асноўным спосабам прафілактыкі ёдадэфіцытных захворванняў. У меню павінны ўваходзіць морапрадукты, збожжавыя прадукты, садавіна, агародніна, вітаміны і мінералы. Здаровы лад жыцця, захаванне рэжыму дня, правільнае харчаванне, рэгулярныя агляды ў доктара –  асноўныя складнікі здароўя шчытападобнай залозы.

Юлія БАКУНОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *