Новы тэрмін для абскарджання
21 ліпеня 2018 года ўступае ў сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь” ад 8 студзеня 2018 года №94-З, якім уводзіцца апеляцыйная судавытворчасць па грамадзянскіх справах.
Увядзеннем апеляцыйнай судавытворчасці ўносяцца наступныя змяненні пры абскарджанні рашэнняў, якія не ўступілі ў законную сілу. Так, устаноўлены новы тэрмін для апеляцыйннага абскарджання. Цяпер ён складае 15 дзён з моманту вынясення судовай пастановы, якая аспрэчваецца. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс таксама прадугледжвае некаторыя асаблівасці вылічэння апеляцыйнага тэрміну для выпадкаў, калі па патрабаванні зацікаўленай асобы пасля вынясення рашэння складаецца яго матывіровачная частка (ч. 1 арт. 403), аспрэчваюцца дадатковыя (ч. 2 арт. 403) і завочныя (ч. 3 арт.403) рашэнні. У гэтых выпадках 15-дзённы тэрмін вылічваецца адпаведна: з дня вынясення дадатковага рашэння, уручэння асобе рашэння з матывіровачнай часткай, з дня зыходу тэрміну для падачы адказчыкам заявы аб адмене завочнага рашэння або з дня вынясення вызначэння суда аб адмове ў задавальненні такой заявы.
Не толькі апеляцыйная скарга ці апеляцыйны пратэст павінны быць пададзены з копіямі па колькасці юрыдычна зацікаўленых асобаў, але і прыкладаемыя да іх пісьмовыя матэрыялы.
Адзначэнне суда першай інстанцыі аб адмове ў прыняцці апеляцыйнай скаргі або апеляцыйнага пратэсту ці пакіданні без руху могуць быць таксама абскарджаны ў суд апеляцыйнай інстанцыі.
У рамках тэрміну апеляцыйнага абскарджання асоба, якая падала апеляцыйную скаргу, або пракурор, які падаў апеляцыйны пратэст, могуць іх дапоўніць або змяніць.
Заканадаўца таксама вызначыў, што ў апеляцыйнай скарзе (пратэсце) у абавязковым парадку павінны быць спасылкі на нарматыўна-прававыя акты.
Пярэчанні юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асобаў на апеляцыйную скаргу і (ці) апеляцыйны пратэст з прыкладаннем да іх пісьмовых матэрыялаў могуць быць пададзены ў суд першай інстанцыі, які вынес рашэнне, а таксама ў суд апеляцыйнай інстанцыі, але не пазней, чым за пяць дзён да пачатку разгляду грамадзянскай справы. Пярэчанні павінны адпавядаць патрабаванням ч. 1 і ч. 2 арт. 405 ГПК і падаюцца з копіямі па колькасці юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асобаў.
Адмова ад скаргі, адкліканне пратэсту, медыяцыя
Асоба, якая падала апеляцыйную скаргу, мае права адмовіцца ад яе да вынясення судом апеляцыйнай інстанцыі судовай пастановы. А пракурор – адклікаць апеляцыйны пратэст да пачатку разгляду справы ў судзе апеляцыйнай інстанцыі.
Пры адмове ад апеляцыйнай скаргі або адкліканні апеляцыйнага пратэсту асобай, якая падала скаргу, суд першай інстанцыі (калі справа знаходзіцца ў гэтым судзе) выносіць вызначэнне аб вяртанні апеляцыйнай скаргі або апеляцыйнага пратэсту, аб чым інфармуюцца юрыдычна зацікаўленыя асобы. А суд апеляцыйнай інстанцыі выносіць вызначэнне аб спыненні вытворчасці па пададзенай апеляцыйнай скарзе і (або) прынесеным апеляцыйным пратэсце. На стадыі апеляцыйнай вытворчасці магчыма заключэнне бакамі пагаднення аб выкарыстанні медыяцыі, парадак правядзення якой ажыццяўляецца па тых жа правілах, што і ў судзе першай інстанцыі.
Што ў кампетэнцыі суда
Пашырана кампетэнцыя суда апеляцыйнай інстанцыі пры падрыхтоўцы справы да разгляду (п. п. 2-4 ч. 3 арт. 415 ГПК). Гэта і выклік па хадайніцтве бакоў або па ўласнай ініцыятыве ў судовае пасяджэнне экспертаў ці асобаў, якіх дапыталі ў судзе першай інстанцыі, для тлумачэння па сутнасці дадзеных імі заключэнняў ці паказанняў; дазвол на хадайніцтвы бакоў аб даследаванні новых доказаў, якія бакі не маглі прадставіць у суд першай інстанцыі з-за незалежных ад іх абставінаў і іншыя дзеянні. Падрыхтоўка справы да разгляду ў апеляцыйным парадку праводзіцца ў 15-дзённы тэрмін пасля паступлення справы ў суд апеляцыйнай інстанцыі. Аб часе і месцы судовага пасяджэння юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асобаў інфармуе суд апеляцыйнай інстанцыі, прапануючы ім да разгляду справы азнаёміцца з дадатковымі доказамі.
Вызначаны тэрмін разгляду справы ў апеляцыйнай інстанцыі – месяц з дня яе паступлення. Ён падаўжаецца да двух месяцаў пры неабходнасці даследавання новых доказаў і вынясення новага рашэння апеляцыйнай інстанцыі.
Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь разглядае справу па апеляцыйнай скарзе або апеляцыйным пратэсце ў тэрмін не больш за тры месяцы з дня яго паступлення. У выключных выпадках старшыня апеляцыйнай інстанцыі ці яго намеснік могуць падоўжыць гэтыя тэрміны, але не больш, чым на месяц. Аб змяненні часу або месца судовага пасяджэння або падаўжэнні тэрміну разгляду справы ўдзельнікі працэсу інфармуюцца сваечасова і належным чынам.
Межы разгляду і пратакол пасяджэння
Зменены межы разгляду справы судом апеляцыйнай інстанцыі.
Калі раней суд касацыйнай інстанцыі не быў звязаны довадамі касацыйнай скаргі або пратэсту і правяраў справу ў поўным аб’ёме, то суд апеляцыйнай інстанцыі разглядае справу ў межах довадаў, выкладзеных у скарзе або пратэсце, і правярае законнасць і абгрунтаванасць рашэння толькі ў абскарджанай частцы. Толькі ў выпадку ўстанаўлення парушэнняў або няправільнага выкарыстання нормаў матэрыяльнага або працэсуальнага права пры праверцы рашэння суда першай інстанцыі ў абскарджанай частцы, суд апеляцыйнай інстанцыі мае права праверыць такое рашэнне ў поўным аб’ёме.
Новым з’яўляецца і вядзенне ў некаторых выпадках пратакола судовага пасяджэння апеляцыйнай інстанцыі. Суд апеляцыйнай інстанцыі мае права весці пратакол судовага пасяджэння па асабістай ініцыятыве. У абавязковым парадку вядзецца пратакол судовага пасяджэння ў выпадку допыту сведкаў, экспертаў, спецыялістаў, удзелу перакладчыка.
Разгляд справы ў апеляцыйнай інстанцыі дапоўнены такой стадыяй, як судовыя спрэчкі. Паўнамоцтвы апеляцыйнай інстанцыі па выніках разгляду апеляцыйнай скаргі або апеляцыйнага пратэсту фактычна не перайначыліся.
У артыкуле 424 ГПК РБ замацаваны падставы да адмены або змянення рашэння суда першай інстанцыі, у тым ліку і безумоўныя падставы для адмены рашэння. Устаноўлены змест вызначэння апеляцыйнай інстанцыі і парадак яго вынясення (арт. 428 і арт. 429 ГПК РБ). Вызначэнне выносіцца ў пакоі для нарадаў і павінна складацца з уводнай, апісальнай, матывіровачнай і рэзалютыўнай частак.
Сяргей СЁМУХА,
старшыня суда Дзятлаўскага раёна
Стоит почитать: