Адзін дзень з жыцця летніка

Падзеі

Лета – час для адпачынку, забаў і аднаўлення сіл. Давайце паглядзім, як праходзіць дзень у летніку сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Там мяне сустракае Галіна Скрабец – начальнік аздараўленчага лагера.

– Дзейнасць школьнага летніка “Усмешка” накіравана на стварэнне аптымальных умоў для паўнавартаснага адпачынку дзяцей. У аснову праграмы нашага летніка ляглі ідэі ўмацавання здароўя дзяцей, фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця, фарміравання ў іх сацыяльных нормаў і каштоўнасцяў, развіцця творчых здольнасцяў, — тлумачыць Галіна Аляксандраўна. — Гульнявая мадэль гэтай змены летніка прадстаўлена як сюжэтна-ролевая. Змена называецца “Зорная краіна”. Усе ўдзельнікі праграмы – гэта дзеці, якія “запальваюць зоркі”, падарожнічаюць па невядомых нікому сузор’ях “Зорнайкраіны” і на працягу 18 дзён ствараюць сузор’е “ЗДЗЕЦЕЛ”, якое ў Год малой радзімы будзе падарункам нашаму гораду ў гонаряго 520-годдзя.

У змене 97 дзяцей (ад 6 да 14 гадоў), яны ў складзе 4-х атрадаў.

Дзень у летніку насычаны. Пачаўся з 9 гадзін з зарадкі і сняданку. У 10 гадзін наведвальнікаў чакала ранішняя лінейка і хвілінка здароўя “Першая дапамога”.  Дзятва зацікаўлена вывучала, як аказваць першую дапамогу пацярпеламу.

Праз паўгадзіны пачалася пазнавальная гульня “Усё аб Беларусі” – шмат пытанняў і адказаў пра родныя мясціны.

А з 11 гадзін усе выйшлі на вуліцу і спыніць, разгарачаных ад спартыўных гульняў, дзяцей было немагчыма.

У 13 гадзін падмацавалі сілы на абедзе, а пасля спаборнічалі ў конкурсе на лепшага “Варашылаўскага стралка”, які сумесна з выхавацелямі правялі работнікі Дзятлаўскага ДТСААФ. У канцы дня падвялі вынікі і ўзнагародзілі самых актыўных граматамі і зорачкамі.

Пагутарыўшы з дзецьмі, я даведалася, што яны вельмі любяць ездзіць на экскурсіі. Так яны ўжо наведалі Навагрудак, возера Літоўка, Слонім, Жыровічы. Не засталіся без увагі і ўстановы горада Дзятлава: Беларусбанк, Белтэлекам, гарадская бібліятэка, кінатэатр “Спадарожнік”.

Дзіяна Лішык,
студэнтка Гродзенскага ўніверсітэта імя Я.Купалы

Читайте также:

Раённы турысцкі злёт для працоўнай моладзі. Гарады (частка 1)

Раённы турысцкі злёт для працоўнай моладзі. Валейбол (Частка1)

Спартакіяда сабрала каманды летнікаў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *