Квас лічыцца адным з самых старажытных і папулярных напояў. Першыя звесткі аб ім навукоўцы знаходзяць у егіпецкіх манускрыптах за шэсць тысяч гадоў да нашай эры. У сваіх работах гэты напой згадваюць Герадот і Гіпакрат. На Русі квас з’явіўся задоўга да ўтварэння Кіеўскай Русі. Яго гатавалі не толькі з хлеба. Боскі напой выраблялі з мёду, садавіны, ягад, да якіх для спецыяльнага вытанчанага смаку дадавалі лекавыя травы, карэнні, вострыя прыправы. Дзякуючы незвычайнаму смаку і карысным уласцівасцям квас нярэдка выкарыстоўвалі ў лячэбных мэтах. Цікавы факт: у 19 стагоддзі квас гатавалі з груш. У Маскве ён карыстаўся велізарнай папулярнасцю.
Ці многія з нас ведаюць, што гэтая прахаладжальная вадкасць, якая асацыіруецца са славянскай культурай, багатая вітамінамі групы В (асабліва В1). Ён спрыяе больш хуткаму зажыўленню ран, дапамагае па-сапраўднаму адчуць радасць жыцця і захаваць яснасць розуму. Яшчэ квас багаты вітамінам Е – элементам, які ўваходзіць у склад шматлікіх крэмаў, што спрыяюць амаладжэнню скуры, падтрымлівае баланс халестэрыну і гармонаў у арганізме чалавека.
Гэты напой паляпшае абмен рэчываў, умацоўвае імунітэт і зубную эмаль, рэгулюе дзейнасць страўнікава-кішачнага тракта, лечыць дысбактэрыёз, спрыяе пахуданню (у 100 грамах толькі 27 калорый). Дактары рэкамендуюць ужываць квас перад ежай гіпертонікам, хворым гастрытам з паніжанай кіслотнасцю, сардэчнікам.
Кошт квасу ў беларускіх магазінах параўнальна невысокі. Але напой можна прыгатаваць і самім. Для гэтага спатрэбіцца: 5 л вады, 1 кг чэрствага жытняга хлеба, 1,3 кг цукру, 1 сталовая лыжка мукі, 60 г дражджэй, трохі мяты.
Дрожджы трэба развесці з мукой у цёплай вадзе і паставіць іх на некаторы час у цёплае месца. Хлеб нарэзаць кубікамі, заліць кіпенем і даць астыць да 30-40 градусаў. Потым дадаць прыгатаваную дражджавую закваску і настой мяты. Настойваць суткі, працадзіць і дадаць цукар.
А вось яшчэ некалькі цікавых фактаў.
Аказваецца, Рыгор Пацёмкін першым з рускіх стаў дадаваць у квасную вадкасць разынкі. За суткі да гатоўнасці “дзеля браджэння прыемнага” ён дадаваў разыначку.
Вялікі рускі імператар Пётр І любіў ужываць квас з хрэнам раніцай. Прыдворныя гатавалі напой кіраўніку па спецыяльным рэцэпце.
Да пачатку ХV стагоддзя было вядома больш за паўтысячы спосабаў прыгатавання гэтага напою, а штогадовае спажыванне дасягала 250 літраў на чалавека.
У свой час на міжнародным конкурсе півавараў у Югаславіі квас па папулярнасці апярэдзіў прадукцыю гандлёвай маркі Соса Соla. Журы, якое ацэньвала напоі, паставіла рускаму квасу 18 балаў, а амерыканскі напой не набраў і дзесяці.
Ігар ЗІНЧАНКА