Памятаем і шануем

Падзеі

Мінула ўжо 28 гадоў з моманту вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Сярод тых, хто жывым шчытом паўстаў на шляху міжнароднага тэрарызму, былі дзясяткі нашых землякоў. Жыцці двух маладых дзятлаўчан абарваліся на той вайне – Аляксандра Шылава і Дзмітрыя Лазовіка.

Многія воіны-інтэрнацыяналісты па-ранейшаму ў страі. Яны працуюць, займаюць актыўную грамадскую пазіцыю, на ўласным прыкладзе выхоўваюць любоў да Радзімы ў падрастаючага пакалення.

DSC00741

А мы, дзятлаўчане, захоўваем памяць аб мужнасці і гераізме нашых ветэранаў вайны ў Афганістане, шануем іх.

Назва вуліцы і мемарыяльныя дошкі

У памяць аб афганскай вайне, аб нашых земляках, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, адна з вуліц горада Дзятлава атрымала назву Інтэрнацыянальная. У 1998 годзе на доме №2 гэтай вуліцы была ўсталявана мемарыяльная дошка з надпісам “Землякам-дятловчанам, с честью выполнявшим интернациональный долг”.
Шануюць памяць пра свайго былога работніка, воіна-інтэрнацыяналіста Аляксандра Шылава ў Наваельнянскім камбінаце хлебапрадуктаў. Злева ад прахадной камбіната на сцяне адміністрацыйнага будынка размешчана гранітная памятная дошка, на якой напісана “Тут працаваў Шылаў Аляксандр Сяргеевіч (1962-1982), кавалер ордэна Чырвонай Зоркі, воін-інтэрнацыяналіст, які аддаў жыццё пры аказанні інтэрнацыянальнай дапамогі Рэспубліцы Афганістан”. Кожны год 15 лютага землякі ўскладаюць жывыя кветкі да памятнай дошкі.

Помнік і вахта памяці

IMG_3614

3 ліпеня 1998 года ў дзень святкавання 500-годдзя горада Дзятлава адной з урачыстых падзеяў было адкрыццё помніка ў гонар воінаў-афганцаў на пляцоўцы каля краязнаўчага музея райцэнтра. На двухметровы пастамент была ўстаноўлена баявая разведвальна-дазорная машына (БРДМ). З таго часу традыцыйна 15 лютага каля гэтага помніка праводзяцца раённыя мітынгі-рэквіемы з удзелам воінаў-інтэрнацыяналістаў, прадстаўнікоў улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзі.

Пасля раённага мітынга пачынаецца вахта памяці на магілы загінулых воінаў-афганцаў Дзмітрыя Лазовіка і Аляксандра Шылава. З 1998 года вахта памяці прадстаўляе сабой арганізаваны выезд ветэранаў вайны ў Афганістане на магілы ў аграгарадок Дварэц і гарпасёлак Наваельню, дзе праводзяцца мітынгі-рэквіем пры ўдзеле мясцовых улады, працоўных калектываў і навучальных установаў.

Падтрымка воінаў-інтэрнацыяналістаў

У 1997 годзе ў горадзе Дзятлаве па вуліцы Навагрудскай было завершана будаўніцтва шматпавярховага дома, у якім бясплатна атрымалі кватэры з усімі выгодамі 34 воіны-афганцы.

15 лютага 2009 года адзначалася 20-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана. З нагоды юбілейнай даты ў Дзятлаўскім доме быту ўсім ветэранам вайны ў Афганістане была пашыта ваенная форма адзінага ўзору за кошт раённага бюджэту і сродкаў арганізацый, прадпрыемстваў, у якіх працуюць воіны-інтэрнацыяналісты.

Імя Аляксандра Шылава і Дзмітрыя Лазовіка

З 2007 года ў Дзятлаўскім раёне праводзяцца валейбольныя турніры памяці Дзмітрыя Лазовіка і Аляксандра Шылава сярод аматарскіх спартыўных камандаў. Адзін турнір, памяці Аляксандра Шылава, ладзіцца ў гарпасёлку Наваельня, другі, памяці Дзмітрыя Лазовіка, — у аграгарадку Дварэц.

Піянерскія дружыны навучальных установаў гэтых населеных пунктаў на радзіме загінулых воінаў-афганцаў таксама носяць іх імёны.

Алея Памяці

4 лістапада 2011 года ў Дзятлаве адбыліся чарговыя провады ў армію. Пасля ўрачыстай часткі, калі прызыўнікі атрымалі павесткі, будучыя вайскоўцы накіраваліся да помніка воінам-інтэрнацыяналістам, дзе пасадзілі алею памяці. Колькасць дрэваў туяў адпавядала колькасці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якіх ужо няма ў жывых: і тых, якія загінулі ў гады вайны, і тых, каго не стала ў мірны час. Ініцыятарам падзеі выступіла раённая арганізацыя ветэранаў вайны ў Афганістане. Дапамаглі закласці алею арганізацыі і прадпрыемствы раёна, частку грошай сабралі самі воіны-інтэрнацыяналісты.

І. КАМАРОВА
Фота з архіва рэдакцыі і аўтара артыкула



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *