Хто ў полі зроку аглядавай камісіі?

Здарэнні і бяспека

Як сведчыць статыстыка, не ўсе грамадзяне належным чынам клапоцяцца пра ўласную бяспеку і бяспеку блізкіх людзей. Нярэдка дапускаюцца парушэнні элементарных правілаў, што можа прывесці да сумных наступстваў.

З мэтай выяўлення і ўхілення фактаў, якія ўяўляюць пагрозу для жыццядзейнасці людзей, у нашым раёне актыўна працуюць аглядавыя камісіі. Паспяховасць іх работы адзначана на абласным узроўні. Так, аглядавая камісія Дзятлаўскага райвыканкама (пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча) узнагароджана дыпломам першай ступені за перамогу ў абласным аглядзе-конкурсе супрацьпажарнага стану жылых дамоў у населеных пунктах Гродзенскай вобласці за 2017 год сярод аглядавых камісій адміністрацый раёнаў горада Гродна і раённых аглядавых камісій. Аглядавая камісія Мяляхавіцкага сельвыканкама (пад старшынствам старшыні сельвыканкама Веры Добыш) заняла трэцяе месца ў штогадовым абласным аглядзе супрацьпажарнага стану жылых дамоў у населеных пунктах Гродзенскай вобласці за 2017 год сярод аглядавых камісій жыллёва-эксплуатацыйных службаў горада Гродна і раённых цэнтраў, а таксама сельскіх і пасялковых аглядавых камісій.

Як удаецца быць паспяховымі, карэспандэнтка газеты высвятляла, накіраваўшыся ў чарговы рэйд з камісіяй Мяляхавіцкага сельвыканкама на чале з Верай Добыш.

Раніца. Чацвер. Кожны тыдзень менавіта ў гэты дзень камісія накіроўваецца на агляд домаўладанняў. Як звычайна, рэйд пачынаецца з планавання маршруту і агульнага інструктажу ўдзельнікаў камісіі. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага аддзела міліцыі, сацыяльнай, газавай службы, энерганагляду, медыцыны, адукацыі.

Вера Добыш расказвае, што ўдзельнікі рэйдаў пры наведванні грамадзян звяртаюць увагу не толькі на пажарную бяспеку. Таксама яны абследуюць санітарны стан жылля, агульны стан здароўя жыхароў, цікавяцца, ці не патрэбна адзінокім і састарэлым людзям сацыяльная падтрымка, у якім стане ўтрымліваецца прылеглая да домаўладання тэрыторыя і многае іншае. Мэтанакіраваная рознапланавая работа аглядавай камісіі дапамагае пазбегнуць няшчасных выпадкаў, выкліканых неасцярожнасцю грамадзян. Кожны са спецыялістаў службаў прафілактыкі адсочвае, ці няма парушэнняў або праблем па яго частцы, калі ёсць – гаспадар атрымае своечасовае ўказанне ўхіліць недахопы, якія ствараюць пагрозу бяспецы. З грамадзянамі, схільнымі да асацыяльнага ладу жыцця, заадно праводзяць прафілактычныя гутаркі.

Па кожным выяўленым факце парушэння ўмоваў пражывання прымаюцца меры рэагавання: гаспадарам прадпісваецца ўхіліць недахопы за вызначаны тэрмін. У далейшым пры невыкананні прадпісання складаюцца адміністрацыйныя пратаколы, але ў Мяляхавіцкім сельсавеце летась такіх не было.

Тэрыторыя сельскага савета складае каля 50 квадратных кіламетраў. Гэта 12 населеных пунктаў і хутар Выгада. Тут пражываюць 422 чалавекі, якія маюць 230 падсобных гаспадарак. Сярод жыхароў 210 працаздольных, 168 пенсіянераў (з іх 15 адзінокіх, 123 жывуць адны), 22 інваліды 1 і 2 групаў.

У ліку населеных пунктаў – адзін аграгарадок Белагурна, дзе жывуць 227 чалавек. Самая населеная сярод вёсак сельсавета – Харашкі (43 жыхары, 53 дачы), самыя маланаселеныя – Ягадная, Каменка. Сярод аддаленых – вёскі Агароднікі, Жыхі (у межах 10 кіламетраў), самыя блізкія – Мяляхавічы, Белалозы, Цецеравец (знаходзяцца на адлегласці 2 кіламетры, астатнія – да 5 кіламетраў).

Ва ўсе гэтыя населеныя пункты абавязкова наведваецца аглядавая камісія. Так, у 2017 годзе былі абследаваны ўсе домаўладанні, якія знаходзяцца на падведамаснай тэрыторыі: гэта 205 дамоў і 37 кватэр. Выяўлены і ўхілены 79 фактаў парушэння правілаў пажарнай бяспекі. За кошт уласных сродкаў зроблены рамонт пячнога ацяплення ў 25 грамадзян, за кошт сродкаў грамадзян і іншых крыніц – рамонт электраправодкі ў 45 домаўладаннях, замена аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і элемента сілкавання – у 9 домаўладаннях.

У практыцы работы камісіі пастаянна выкарыстоўваюцца такія дзейсныя меры прафілактыкі, як навучанне грамадзян правілам пажарнай бяспекі, распаўсюджанне сярод насельніцтва тэматычных друкаваных інструкцый і памятак, правядзенне ў населеных пунктах сходаў жыхароў з разглядам пытання «Аб захаванні правіл пажарнай бяспекі ў жылых дамах і недапушчэнні гібелі людзей на пажарах”.

Для членаў аглядавай камісіі даўно відавочна: лепш лішні раз нагадаць людзям пра бяспеку, чым пасля сутыкнуцца з надзвычайнымі сітуацыямі, цана якіх – чалавечае здароўе, а часам і жыццё. Таму работа па забеспячэнні бяспечных умоваў пражывання актыўна прадаўжаецца.

Ірына СТЫРНІК

Стоит почитать:

Не пакідаем сам-насам з праблемамі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *