Жыві як гаспадар. Моцныя сваім калектывам

Падзеі

Дзятлаўскае РУП ЖКГ – адно з буйнейшых прадпрыемстваў нашага раёна, якое ажыццяўляе бесперабойнае забеспячэнне населеных пунктаў вадой, цеплавой энергіяй, уборку і добраўпарадкаванне тэрыторый, капітальны і бягучы рамонты жыллёвага фонду. Ад якасці работы камунальнікаў напрамую залежаць прыдатнасць пітной вады, тэмпература ў памяшканнях, санітарны стан вуліц, а значыць – здароўе і настрой жыхароў раёна.

Дырэктар камунгаса Сяргей Луня ўпэўнены, што спраўляцца з цяжкасцямі атрымліваецца, дзякуючы надзейнай камандзе прафесіяналаў, а ў Дзятлаўскім РУП ЖКГ працуе зладжаны, правераны часам калектыў.

І кветкі на клумбах, і чысціня ў горадзе

Работу камунальнікаў сезоннай не назавеш. У любы час года яны наводзяць парадак у Дзятлаве і населеных пунктах, чысцяць снег, абкошваюць тэрыторыі, вывозяць смецце, радуюць нас прыгожымі кветкамі на гарадскіх клумбах.

За чысціню райцэнтра, парадак на гарадскіх могілках адказвае майстар па добраўпарадкаванні горада Дзятлава Аляксандр Адамчык і яго брыгада. Значную ролю ў рабоце ўчастка іграе трактарыст Мікалай Спорскі, які на сваім міні-трактары “МТЗ-320” падмятае гарадскія тратуары, чысціць іх ад снегу, вывозіць смецце. Праўда, тэхніку можна выкарыстаць не заўсёды: ёй перашкаджаюць завужаныя тратуары, ліхтары і ўстаноўкі сувязі, якія “заступаюць” на тратуар, значыць, без ручной работы не абысціся. І Аляксандр Адамчык спадзяецца на добрасумленнасць жыхароў райцэнтра, чакае ад іх дбайных адносінаў да роднага горада. На жаль, здараецца, што, пакуль камунальнікі скончаць сваю дзённую работу, яе можна пачынаць нанова: зноў на вуліцах  “вырастаюць” фанцікі, бутэлькі, акуркі. Асабліва праблемныя ўчасткі – аўтамабільныя стаянкі на плошчы райцэнтра. У той жа час, работнікі ўчастка адказваюць не толькі за чысціню: сярод іх сёлетніх працоўных задач – добраўпарадкаванне мікрараёна вуліцы Навагрудскай (дамы 4А, 8, 9), выдаленне 35 аварыйных дрэваў на гарадскіх могілках, рамонт вуліц Фогеля і Дварчаніна з заменай камунікацый.

Спраўляцца з пастаўленымі задачамі камунальнікам дапамагае сучасная тэхніка. Участак транспарта, за які адказвае механік Сяргей Санцэвіч, налічвае звыш 60 яе адзінак: ад легкавых машын да лесавозаў, пагрузчыкаў, трактароў. Не дзіўна, бо трэба чысціць ад снегу, пасыпаць, грэйдзіраваць вуліцы, рамантаваць і пракладваць каналізацыю, цеплатрасы, ваду, вывозіць смецце.

У запланаваныя работы камунальнікаў часта “ўрываюцца” звароты і просьбы жыхароў раёна, якія прымаюцца і своечасова вырашаюцца, дзякуючы дыспетчару РУП ЖКГ Ірыне Гульнік. Ёй за дзень часам даводзіцца прымаць па некалькі дзясяткаў званкоў.

У студзені-сакавіку пачынаецца “гарачы” сезон яшчэ на адным участку, які адказвае за прыгажосць нашага горада, – у тэхніка па азеляненні Наталлі Шапашнікавай і яе падначаленых Іны Стракоўскай і Таццяны Лазоўскай. Яны высяваюць насенне і даглядаюць саджанцы ў цяпліцы. Штогод тут вырошчваюць па 10-15 сартоў кветак, якія пасля ўпрыгожаць гарадскія клумбы.

– Геаргіны, аксаміткі, сальвіі, петуніі… – пералічвае назвы Наталля Шапашнікава і расказвае, што яе “гаспадарка” вельмі залежыць ад капрызаў надвор’я. Затое творчасць і фантазія дзяўчат ад надвор’я не залежаць і дапамагаюць ім ствараць прыгажосць. З падручных матэрыялаў і кветак атрымліваюцца сапраўдныя шэдэўры, нездарма штогод брыгада прымае ўдзел у конкурсе “Кветкавыя фарбы”, які ладзіцца да абласных дажынак. Год таму дзятлаўскія азеляняльнікі былі адзначаны дыпломам “За арыгінальнасць ідэі”, а вось летась крыху не пашанцавала на ўзнагароду, пажадаем ім далейшых поспехаў.

Кубаметры і градусы

Работнікі ўчастка кацельняў і цеплавых сістэм пад кіраўніцтвам Валянціна Вішэўскага і ўчастка водаправода і каналізацыі пад кіраўніцтвам Івана Юшкевіча забяспечваюць камфорт у кватэрах і дамах жыхароў раёна.

На ўчастку Валянціна Вішэўскага працуюць 117 чалавек, якія абслугоўваюць 19 кацельняў і 50 кіламетраў цепласетак. Пяць газавых кацельняў раёна працуюць у аўтаматычным рэжыме, яшчэ столькі ж – на дровах (рэзервовы від паліва – газ), кацельні ў Наваельні, Гезгалах, Казлоўшчыне і Цэнтральная ў Дзятлаве працуюць на шчэпках (рэзервовы від паліва – газ), толькі дровы выкарыстоўваюцца для яшчэ чатырох кацельняў. Каб зменшыць ужыванне газу да ацяпляльнага сезона, кацельню ў Нянадавічах дадаткова абсталявалі катлом, дзе ў якасці паліва выкарыстоўваюць пілеты. Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі ў 2017 годзе знізіць спажыванне газу на 200 тысяч метраў кубічных. Дзякуючы зладжанаму калектыву спецыялістаў аварыйных сітуацый не дапушчана, пастаўка цяпла насельніцтву ажыццяўляецца ў поўным аб’ёме.

Больш праблемная гаспадарка ў Івана Юшкевіча. Справа ў тым, што ў 80-90 гадах жыхары раёна масава імкнуліся падвесці ваду і каналізацыю, але цэнтралізавана падключалі “выгоды цывілізацыі” нямногія. Здаралася, людзі клалі па 300 метраў трубаў, вялі выгоды ад суседзяў, праз агароды. На той час поліэтыленавыя трубы не выпускаліся, выкарыстоўваліся стальныя, тэрмін службы якіх да 20-і гадоў. У наш час большасць камунікацый належыць замене. Так, жыхары вуліц Фогеля і Дварчаніна скардзіліся на работу каналізацыі ў веснавы перыяд. Камісія высветліла, што першапачаткова будаўніцтва каналізацыйнай сеткі было выканана з парушэннямі патрабаванняў праекта, з-за чаго вясной грунтавыя воды траплялі ў каналізацыю. Сёлета запланавана перакладка каналізацыйнай і водаправоднай сеткі гэтых вуліц. Праект знаходзіцца на экспертызе.

Насустрач новым тэхналогіям

– Чвэрць стагоддзя таму камунальнікі асацыіраваліся з качагарамі і дворнікамі, цяпер патрабаванні часу вывелі нас на ўзровень высокатэхналагічнага абслугоўвання насельніцтва з выкарыстаннем камп’ютарнага забеспячэння асноўных працэсаў вытворчасці, – зазначае начальнік участка Казлоўшчына Віктар Цярэшка. – Інакш і быць не можа, бо на рынку канкурэнцыі можам застацца ў аўтсайдарах. Усё мяняецца: раней кацельні працавалі на вуглі і мазуце, затым – на газе, цяпер ідзе мадэрнізацыя і пераход на больш эканамічнае паліва – драўляныя шчэпкі. Нядаўна ў якасці эксперыменту ў Нянадавічах кацельню абсталявалі катлом для спальвання пілетаў. Дзякуючы мадэрнізацыі мы аптымізавалі штат работнікаў: 3 з 6 кацельняў на участку Казлоўшчына працуюць аўтаматызавана з камп’ютарнай праграмай кіравання. Знаходзячыся ў любым месцы, я магу з мабільнага тэлефона правяраць і мяняць параметры работы ў сувязі з умовамі надвор’я. Таксама вядуцца работы па дыспетчарызацыі ўсіх цеплавых пунктаў шматкватэрных дамоў. Значыць, любы з адказных работнікаў нашай інжынерна-тэхнічнай службы зможа пракантраляваць іх работу, падтрыманне тэмпературнага рэжыму ацяплення і гарачага водазабеспячэння.

Цесна “сябруюць” з новымі тэхналогіямі вядучы інжынер-энергетык РУП ЖКГ Анатоль Дораш і майстар кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі Аляксандр Ерамейчык. Інжынерная служба ў складзе 18 чалавек мае дачыненне да ўсіх галінаў дзейнасці камунальнай гаспадаркі, за выключэннем уборкі вуліц. Абслугоўваюць жылфонд, ачышчальныя збудаванні, кацельні, свідравіны, вулічнае асвятленне, актыўна ажыццяўляюць дыспетчарызацыю і аўтаматызацыю сістэм і вузлоў ацяплення, што дазваляе палепшыць кантроль за работай абсталявання, зменшыць затраты, адпаведна і цэны на камунальныя паслугі. Служба плённа супрацоўнічае з камітэтамі па энергазберажэнні, дзякуючы чаму на аб’ектах ЖКГ нашага раёна з’яўляюцца энергаэфектыўныя помпы, дымасосы, катлы. У бліжэйшых планах – падключыць да дыспетчарскага пункта ў горадзе Дзятлаве ўчасткі Наваельня і Гезгалы.

Найбольш перспектыўнымі рэзервамі зніжэння грашовых затрат лічыць развіццё механізацыі і аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў вядучы эканаміст РУП ЖКГ Святлана Царук. Яна зазначае, што за 2017 год прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця прадпрыемствам выкананы, а сярод задач надалей – зніжаць выдаткі, эканоміць паліўна-энергетычныя, матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы пры адначасовым забеспячэнні якасці паслуг і павышэнні прадуктыўнасці працы.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Стоит почитать:

Жыві як гаспадар. Прыйшла вясна — час наводзіць парадак

Мисс ЖКХ выбрали в Гродненской области

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *