Галоўная жанчына ў жыцці кожнага чалавека – гэта мама. У дзяцінстве мы робім для яе падарункі сваімі рукамі і ведаем, што нават няроўна выразаная з паперы кветачка будзе для матулі самай дарагой.
Першы падарунак ад свайго маленькага сына Арцёма хутка атрымае маладая мама Алеся Жылінская. Яе Арцёмка крыху больш за тыдзень таму пайшоў у дзіцячы сад і, напэўна, разам з выхавальнікам нешта рыхтуе для любай мамачкі.
У свае няпоўныя 3 гады Арцём стараецца паводзіць сябе па-даросламу: пасля прагулкі сам спрабуе скласці сваю вопратку і схаваць у шафу. Беражліва адносіцца да рэчаў і цацак, нічога не ламае.
– Я гляджу на суседскіх дзяцей і бачу, што мой Арцём адрозніваецца, – расказвае Алеся. – Можа, таму, што для любой мамы яе дзіця самае лепшае?
Але Алесі ёсць з кім параўноўваць: яна сама нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, была старэйшай сястрой і дапамагала гадаваць двух братоў. Можна сказаць, што дзяўчына ўжо тады вучылася галоўнаму прызначэнню жанчыны – быць мамай.
Пасля нараджэння першынца Алеся Жылінская лічыць сябе шчаслівай.
Шчасце, мяркуе яна, гэта калі дома спакойна і ўтульна, а ў сям’і пануюць любоў і разуменне. Як гэтага дасягнуць? Кажуць, што прыклад варта браць са старэйшага пакалення – у сваіх мамаў і бабуляў. Аднак у Алесі на гэты конт ёсць і сваё меркаванне, свае сакрэты стварэння добрай атмасферы ў сям’і. Падтрымлівае маладую жанчыну і муж Ігар, дапамагае спраўляцца з цяжкасцямі, клопатамі пра сына.
Да выхавання дзіцяці маладая мама таксама падыходзіць індывідуальна:
– Трэба ісці ў нагу з часам. Я шмат чаго даведваюся з інтэрнэту. Там аддаю перавагу матэрыялам кампетэнтных людзей і давяраю прафесіяналам.
На шчасце, Арцём не дастаўляе маме вялікіх праблем. Вясёлы дзіцячы смех гучыць у доме Жылінскіх вельмі часта, а калі іграе музыка – быць яшчэ і танцам:
– Арцём вельмі любіць музыку і заўсёды пад яе танцуе. Думаю, трэба развіваць яго ў музычным кірунку. Яшчэ хлопчыку падабаецца глядзець мульцікі з элементамі каратэ. Бывае, надзене павязку і паказвае нам з мужам прыёмы.
Алеся стараецца запамінаць кожнае дасягненне дзіцяці. Першыя самастойныя крокі Арцём зрабіў у 10,5 месяца і нават сам гэтага не зразумеў, разгубіўся. Цяпер крокі больш упэўненыя, словы больш выразныя, дзеянні больш самастойныя. Час бяжыць вельмі хутка, і для мамы важна захаваць успаміны пра тыя цікавыя моманты, якія немагчыма перадаць словамі. У Алесі ёсць спецыяльны сшытак цікавых словаў Арцёма, а ў “куфэрку мамы” захоўваюцца соскі і іншыя рэчы немаўляці, якія яму ўжо не патрэбны.
Калі Алеся Жылінская стала мамай, свята 8 Сакавіка набыло для яе іншае значэнне, бо вельмі радасна, калі віншуе не толькі муж, але і любімае дзіця. Ужо трэці год запар напярэдадні Міжнароднага жаночага дня Алеся адчувае сябе самай шчаслівай і жадае такога ж шчасця ўсім жанчынам-мамам.
Юлія БАКУНОВІЧ