Савет аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама абмеркаваў вынікі работы ўстановаў культуры раёна

Падзеі

Аб выніках работы ўстановаў культуры Дзятлаўскага за 2017 год і задачах на 2018 год Савету далажыў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько.

2017 год для работнікаў культуры раёна быў дастаткова пладатворны і эфектыўны, адзначыў дакладчык. Усе заданні дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі 2016 – 2010 гады” ўстановамі культуры раёна выкананы поўнасцю. Забяспечана выкананне мінімальных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва.

Клубныя паслугі ў раёне аказваюць раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці і 14 клубных установаў пры ім (з іх 9 аддзелаў, 4 сектары, 1 філіял, 1 Дом фальклору, 1 клуб-бібліятэка).

Ва ўстановах культуры клубнага тыпу на 1 студзеня 2018 года дзейнічалі 156 клубных фарміраванняў разнастайнай накіраванасці, у іх займаліся 1296 чалавек. 89 фарміраванняў скіраваны на інтарэсы дзяцей, у іх займаюцца 705 чалавек.

На добрым узроўні ў 2017 годзе была арганізавана работа клубных фарміраванняў  у Наваельнянскім, Гезгалаўскім, Данілавіцкім дамах культуры. Горш – у Жукоўшчынскім, Хвінявіцкім, Раклевіцкім дамах культуры.

У раёне 12 творчых калектываў маюць званне “народны”, 4 – узорны. Летась 15 аматарскіх калектываў пацвердзілі свае званні, тэатр роставых лялек – атрымаў званне “узорны”. На рахунку тэатра Івана Каско 70 тэматычных выступленняў за год. З іх найбольш значныя – на міжнародным фестывалі фальклору “Мотальскія прысмакі” (Брэсцкая вобласць), на рэспубліканскім свяце  “Властелин села 2017” (Віцебская вобласць), выязныя паказы ў Іўі, Бераставіцы, Навагрудку, у санаторыях “Радон” і Альфа Радон”. 26 мая 2017 года на базе раённага Цэнтра культуры ў Дзятлаве прайшоў адкрыты рэгіянальны фестываль роставых лялек і гульнёвых праграмаў “Дасканалы свет казкі” з удзелам калектываў Дзятлаўскага, Навагрудскага, Карэліцкага, Свіслацкага, Зэльвенскага раёнаў.

Летась на высокім арганізацыйным і творчым узроўні ў раёне прайшлі абрады “Каляды” і Вялікдзень”. У лістападзе 2017-га этнаграфічны матэрыял пад назвай “Каляды на Дзятлаўшчыне” запісаны тэлеканалам “Беларусь 3” для тэлеперадачы “Наперад у мінулае”. У запісе ўдзельнічалі народны тэатр-студыя гульні “Прымакі” і фальклорны калектыў “Світанак” Наваельнянскага дома культуры. 5 мая ў Ахонаве адбыўся штогадовы абрад “Юр’я”, які як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны першы з Гродзенскай вобласці ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Леташняй позняй восенню ў Дзятлаве стартаваў брэндавы фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”. Сёлета ён прызначаны на вясновую пару з больш прыдатным надвор’ем – на суботу, 12 мая.

Сельскагаспадарчы праект спартыўна-культурнай накіраванасці “Дбайных людзей славім – весела час бавім”, які рэалізуецца ў аграгарадках, налічвае два сезоны, сёлета ён будзе яшчэ пашыраны. Культурнае абслугоўванне жыхароў аддаленых ад раённага цэнтра вёсак даручана сектару па пазастацыянарным абслугоўванні, якім паспяхова загадвае Ганна Харлінская.

Па выніках года, адзначыў Васіль Шыцько, найбольш вынікова і эфектыўна працавалі Казлоўшчынская, Вензавецкая, Войневіцкая, Жукоўшчынская бібліятэкі. Прыбавіць трэба Наваельнянскай гарпасялковай і Раклевіцкай сельскай бібліятэкам.

Усяго ў раёне летась працавалі 14 бібліятэк (1 раённая, 1 дзіцячая, 2 гарпасялковыя, 10 сельскіх). Яны аказалі паслугі 13125 чытачам, выдалі 218520 экземпляраў літаратуры. З гадавым заданнем справіліся.

У 2017 годзе бібліятэкі выпісвалі 66 перыядычных выданняў (45 часопісаў, 21 газету). На першае паўгоддзе 2018-га выпісаны 73 перыядычныя выданні.

Станоўча ацаніў дакладчык работу Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Музейны фонд за год павялічыўся на 146 прадметаў асноўнага фонду.

Эфектыўна працавалі летась дзіцячыя школы мастацтваў. Музычнай адукацыяй ў раёне ахоплены 22,6 працэнта навучэнцаў 1-9 класаў (абласны паказчык – 15 працэнтаў) 9 навучэнцаў паступілі ў музычныя каледжы (на 5 больш, чым у 2016 годзе). У міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсах навучэнцы школаў мастацтваў здабылі 30 прызоў (на 10 больш, чым у 2016 годзе).

У абласным рэйтынгу сфера культуры Дзятлаўскага раёна па выніках 2017 года ўзнялася і заняла 4 месца. Больш дакладна, дзеліць чацвёртае месца з установамі культуры Ашмянскага, Бераставіцкага, Шчучынскага, Мастоўскага раёнаў.

Загадчыца Дварэцкага дома культуры Ірына Цяцерына на пасяджэнні падзялілася вопытам работы падначаленай ёй установы з мэтаю павышэння якасці культурнага абслугоўвання насельніцтва і выканання прагнозных паказчыкаў праграмы “Культура Беларусі 2016-2020 г.г.”.

Са справаздачай аб праведзенай рабоце ў 2017 годзе выступіла загадчыца Хвінявіцкага дома культуры Алена Сіўко.

Пра пошукавую дзейнасць Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкі расказала прысутным Людміла Цюленіна.

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч работу ўстановаў культуры ў 2017 годзе ацаніў станоўча.

Усе заданні дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 – 2010 гады” ў раёне выкананы. Установы культуры, адзначыў Ігар Станіслававіч, набылі ў апошнія гады “другое дыханне”. Здабытыя поспехі трэба замацаваць і развіваць далей.

Важнейшай задачай на 2018 год з’яўляецца культурная рэклама раёна. У кожным аграгарадку трэба мець брэндавыя мерапрыемствы, пастаянна працаваць над павышэннем іх узроўню. Належным чынам яны павінны быць прадстаўлены на культурнай пляцоўцы “Зецельскага фэсту”. У рамках “Года малой радзімы” трэба прадугледзець культурныя мерапрыемствы для ўсіх узростаў насельніцтва – ад пажылых людзей да дзяцей.

Актуальнай задачай з’яўляецца пашырэнне маштабу раённых культурных мерапрыемстваў. Іх належыць зрабіць цікавымі і для мясцовых жыхароў, і для гасцей, турыстаў. Гэтаму павінны паспрыяць і “Зецельскі фэст”, і сёлетняе святкаванне 520-годдзя Дзятлава. У Дзятлаўшчыны вялікі турыстычны патэнцыял: раён штогод наведваюць больш за 20 тысяч чалавек, палавіна з іх – замежныя турысты. У турыстычныя маршруты па раёне трэба арганічна ўпісаць наяўныя музеі і музейныя пакоі, зацікавіць імі людзей.  Пасяджэнне Савета завяршылася ўзнагароджаннем самых выніковых у 2017 годзе работнікаў культуры раёна граматамі. Узнагароды ўручыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка.  

Б. Варна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *