31 сакавіка 1958 года ў вёсцы Раклевічы Дзятлаўскага раёна нарадзілася Марыя Антончык. У першы клас яна пайшла ў сярэднюю школу №1 гарадскога пасёлка Дзятлава. З цеплынёй успамінае сваю першую настаўніцу Галіну Пахомаву і класнага кіраўніка Ядзвігу Кійко.
Любоў да падарожжаў і геаграфіі ёй прывіла сяброўка брата, якая вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на геаграфічным факультэце і шмат цікавага распавядала аб сваёй вучобе, а таксама настаўніца геаграфіі Валянціна Брындо.
Студэнткай Марыя Браніславаўна захаплялася турызмам, альпінізмам. Яна доўга можа расказваць пра свае пешыя і лыжныя паходы па Беларусі, Карэліі. Асабліва яскрава ёй запомніліся заняткі ў альпінісцкім лагеры на Каўказе і ўзыходжанне на адну з прыгожых вяршыняў – гару пік Мікалаева.
Гады вучобы праляцелі вельмі хутка, па размеркаванні Марыя Антончык была накіравана ў Смаргонскі раён, але з-за хваробы бацькоў яна вярнулася на Дзятлаўшчыну – у вёску Вялікія Шастакі настаўніцай геаграфіі і гісторыі. Там пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Затым працавала ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава.
“У школе да мяне адносіліся з павагай як да былой вучаніцы, так і да калегі. Заўсёды на дапамогу прыходзілі завуч Яўгенія Савань і дырэктар школы Вольга Галаднова”, – успамінае Марыя Браніславаўна.
Калі пабудавалі сярэднюю школу №3, перайшла працаваць туды. Цёплымі словамі яна ўспамінае сваіх калег: Аркадзія Дянісіка, Наталлю Петрыкевіч, Лідзію Лябецкую, Анастасію Шалесную, Рыту Місцюкевіч, Валянціну Ерамейчык, Ніну Хілевіч, Тамару Гармашук, Аксану Якаўчык, Марыну Шумскую, Алену Стракоўскую.
“Асобныя словы падзякі – дырэктару школы Івану Кібіню, які заўсёды мяне падтрымліваў у цяжкую хвіліну, а таксама Ларысе Брагінай за дапамогу ў рабоце класнага кіраўніка”.
Дарэчы, выпускнік Марыі Антончык – Аляксандр Сяргееў – стаў прызёрам алімпіяды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па геаграфіі, без экзаменаў быў залічаны на геаграфічны факультэт. Прафесію настаўніка геаграфіі і гісторыі выбралі таксама яе вучні Аляксандр Сташэўскі, Дзмітрый Юшкевіч, Вольга Роўба, якой нават давялося папрацаваць са сваёй былой настаўніцай.
Разам з мужам яны выгадавалі двух сыноў – Дзмітрыя і Арцёма. Старэйшы сын Дзмітрый з сям’ёй жыве ў горадзе Лідзе, працуе вадзіцелем-дальнабойшчыкам. Малодшы – Арцём – следчы Дзятлаўскага аддзела Следчага камітэта. У Марыі Браніславаўны падрастаюць два цудоўныя унукі – Мікіта і Цімур.
Калектыў педагогаў сярэдняй школы №3 горада Дзятлава
Стоит почитать: